Іван Нічыпаравіч Стасевіч - вядомы савецкі і беларускі жывапісец (1929-1998), заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1980). Ён закончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава (1952) і Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава (1958). Яго настаўнікамі былі Дзмітрый Мачальскі і Фёдар Мадораў. Стасевіч гучна заявіў пра сябе як мастака ўжо дыпломнай работай - “У беларускіх балотах” (1958). А потым ён амаль сорак гадоў выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (з 1991 - Беларуская акадэмія мастацтваў), быў тут прафесарам і плённа працаваў ва ўсіх жанрах жывапісу.
Давайце сустрэчу з творчасцю Івана Стасевіча пачнем з кароткіх выказванняў тых, хто добра ведаў яго, хто сябраваў з ім, хто ў яго вучыўся, хто займаўся творчасцю гэтага мастака, хто пісаў пра яго артыкулы і манаграфіі. Вось што яны пісалі і казалі.
Музеі рэалістычнага мастацтва Англіі, ЗША, Японіі і іншых дзяржаў лічаць за гонар мець у сваіх калекцыях творы Івана Стасевіча.
Васіль Шаранговіч, народны мастак Беларусі.
Творчасць Івана Нічыпаравіча Стасевіча — глыбока народная. Яе вытокі ідуць ад роднай зямлі. Яго карціны, партрэты, пейзажы — ад чыстых жыватворных крыніц, на якія такая шчодрая наша Беларусь.
Аляксей Шныпаркоў, мастацтвазнаўца.
Яму было 12, калі пачалася вайна. Употай даглядаў параненага нашага салдата, пакуль маці не прасачыла, куды прападае сын. Тады ўжо разам з маці лячылі і хавалі параненага Мікалая. Дапамагаў партызанам — збіраў зброю. А 15 кастрычніка 1943 года стаў радавым партызанскага атрада імя Кірава брыгады № 95 імя Фрунзе.
Анатоль Барыс, журналіст.
На старонках часопіса “Огонёк” я ўбачыў рэпрадукцыю работы “У беларускіх балотах” - дыпломную карціну Стасевіча. Я быў проста шакіраваны, гэта быў самы дасканалы твор пра вайну. Тым болей мне - сыну загінуўшага партызана гэта было блізка і зразумела. Мне здавалася, што лепшага я нічога і не бачыў.
Уладзімір Уродніч, мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі.
Буйны мастак рэалістычнай выяўленчай школы, ён з маладых гадоў займаў самую актыўную грамадзянскую пазіцыю, у лепшым сэнсе слова быў грамадзянінам сваёй краіны, якую ўспрымаў у памерах ад маленькай роднай старадарожскай вёскі Мядзведня да далёкіх і хваляваўшых душу прастораў Сібіры і Поўначы, прыгожасцей Карэліі і Крыма. На такое ўспрыманне ён меў поўнае права, бо ахвяраваў за гэта лепшыя гады жыцця — сваё юнацтва.
Тамара Будкевіч, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,
кандыдат біялагічных навук.
Голас у яго быў такі басавіты. Прыходзіць на заняткі і кажа:”Сёння ў нас будзе такая пастаноўка, вось такія задачы будзем вырашаць”. Падыходзіў, нешта папраўляў. А болей за ўсё, калі мы паехалі на практыку ў Ноўгарад, і ён з намі паехаў. Іван Нічыпаравіч пісаў эцюды. Я памятаю: такія сінія, цёмныя і шчыльныя, неба сіняе і белыя саборы. Яны ззяюць ад сонца. Вось такая кантрастнасць перадачы святла і цені.
Віктар Барабанцаў, мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі.
Ён вельмі складаны быў як педагог. Я выкладаў, бадай, не менш, чым ён, працаваў з дзецьмі. І я ведаю, што гэта такое - дзіцячы ўзрост. А ён - самае галоўнае - не перашкаджаў расці. І пры магчымасці падрымліваў... Для нас і для мяне ён застаецца найперш як мастак. Нягледзячы на ўсе яго жыццёвыя цяжкасці - гэта вайна па ім прайшлася - ён застаецца таленавітым мастаком. І добрым педагогам.
Васіль Сумараў, мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі.
Стасевіч быў нямногаслоўны. Але калі скажа, то вельмі трапна. І там яшчэ нешта падкажа. А потым прынясе свае студэнцкія работы і пакажа. Бо выяўленчае мастацтва лепш вачыма бачыць чым гаварыць пра яго. Мусіць, таму ён менш гаварыў.
Алесь Суша, мастак.
Ён з густам і тактам знаходзіць найтанчэйшыя светлавыя адценні. Напісаныя ў рэалістычнай манеры творы мастака цудоўна перадаюць сухое цёплае лета і познюю восень. Накладваючы фарбы на палатно, ён выражае свае думкі, мары, пачуцці, якія, можа, знойдуць водгук у душы людзей.
Галія Фатыхава, мастацтвазнаўца.
Да дзвярэй яго майстэрні былі прыбіты дзверы яго роднага дома, у якім ён рос у вёсцы Мядзведня. І, заходзячы ў майстэрню, Іван Нічыпаравіч кожны дзень браўся за тую самую клямку, да якой дакраналіся яго мама і тата, і тым самым нібы вітаўся са сваімі роднымі, са сваёй малой і вялікай радзімай.
Вольга Аляксейчык, журналіст.