Горкаўская школа Старадарожскага раёна. Менавіта сюды пасля вайны шаснаццацігадовым юнаком з баявымі ўзнагародамі вярнуўся Іван Стасевіч. Вярнуўся, каб зноў сесці за школьную парту. Тут ён вучыўся з 1945 па 1947 год. Тут авалодваў ведамі і развіваў мастакоўскі талент. Адсюль ён і пайшоў вучыцца далей - у Мінскае мастацкае вучылішча і потым у Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава.
Стараннямі настаўнікаў і вучняў Горкаўскай школы ў 1977 годзе створаны музей "Этнаграфія, гісторыя вёскі Горкі". Яму неўзабаве быў нададзены статус - народны. Адзін з раздзелаў гэтага музея прысвечаны жыццю і творчасці былога вучня школы Івана Нічыпаравіча Стасевіча. Тут змешчаны і яго работы розных перыядаў.