УРОДНІЧ:- У 1957 годзе мне трапіў часопіс “Огонёк”. Гэта быў час, калі ў Савецкім Саюзе я быў яшчэ школьнікам, у той час, калі яшчэ не было ні часопіса “Искусство”, ні “Художник”, ні спецыфічных іншых выданняў, якія б транслявалі грамадству што робіць гэты свет мастакоў для краіны. На старонках гэтага часопіса я ўбачыў рэпрадукцыю работы “У беларускіх балотах” - дыпломную карціну Стасевіча. Я быў проста шакіраваны, гэта быў самы дасканалы твор пра вайну. Тым болей мне - сыну загінуўшага партызана гэта было блізка і зразумела. Мне здавалася, што лепшага я нічога і не бачыў. Мне здавалася, што гэта дыпломная работа была лепшай па кампазіцыі і па вырашэнню ваенна-патрыятычнай тэмы, тэмы партызанскага жыцця ў Беларусі. Далей у 1959 годзе - па храналогіі - я ўжо студэнт мастацкага вучылішча - мастацкі музей адкрываецца Усесаюзнай выставай. Аладава Алена Васільеўна - яе арганізатар.
На адкрыццё гэтай выставы прыязджае сакратарыят Саюза мастакоў СССР. Мы, можна сказаць, толькі сліну глыталі, гледзячы на гэтых аксакалаў - гэта і Іагансон, гэта і Мадораў - імёны людзей, якія былі тут, таму што ў Беларусі адкрыўся музей такога маштаба. Ды яшчэ і Аладава - арганізатар. Стаю ля работы адэскага мастака Ацманчука, якая называецца “Аддадзены загад”. Кампазіцыя такая: цягнік ужо збіраецца адправіцца, і вось чырвонаармеец, развітваючыся са сваёй сяброўкай, глядзіць, як на гарызонце - вялікі месяц чырвонага колеру нібы нясе трывогу. І на фоне гэтага месяца пыхкае паравоз, і бачна, што ён вось-вось паедзе. А знізу - развітальныя погляды маладых людзей. Вядома, гэта вельмі падабалася маім равеснікам. І вось мы стаім і красуемся. Да нас падыходзіць малады чалавек з папкай у руках. Прычоска такая ж як у мяне - доўгія валасы, ружовашчокі. Пастаяў з намі. А непадалёк вісіць карціна Валянціна Волкава “Мінск. 3 ліпеня”. Яе ўпершыню дэманстравалі. Па тых часах, дый па сённяшніх кампазіцыя яе была моцная. І выкананне таксама. Аўтар там быў - Валянцін Віктаравіч. Меркаванні гучалі такія:”Трохі чарнавата, але някепска. Нават добра”. Адзнакі былі прыхільныя. І раптам мужчына, што стаіць побач з намі, гаворыць:”Ну, вось, хлопцы, тут нямнога зроблена, а мастацтва шмат. А там, кажа, шмат зроблена, але мастацтва мала”. Гэта я потым даведаўся, што побач з намі быў Іван Нічыпаравіч Стасевіч, выпускнік Сурыкаўскага інстытута, былы партызан, сын палка, які, вядома, разумеў, што гістарычная паднаготная Волкава не надта ўпісвалася ў тую нашу ідэалагічную старонку, якую мы пражывалі. Ён, здаецца, у гады вайны быў у акупацыі і, кажуць, супрацоўнічаў з немцамі. А ў Стасевіча, як у партызана, была да гэтага непрыязнасць. Адчувалася, што адносіны да такіх людзей павінны быць негатыўнымі. Здараліся ў мяне потым размовы з Ціхановічам Яўгенам Мікалаевічам, ён таксама быў у акупацыйнай зоне. Ён казаў:”Вы ж разумееце, хлопцы, нам неяк трэба было жыць. Мы ж не ліхадзейнічалі. Мы проста займаліся выканаўчай работай”. А ў нашым разуменні не важна гэта, а важна тое, што ты фашысту сказаў:”Добры дзень!” Значыць ты яго вітаеш. А ты павінен інакш рабіць. Вось такая была мараль. І вось з таго часу мы сталі назіраць, што сустрэліся з вельмі сур’ёзным мастаком. А мы, маладыя хлопцы, на ўсё глядзелі шырока адкрытымі вачамі. Мы потым бачылі, што яго пасылалі на Ангару, у творчыя камандзіроўкі. У яго былі вялізныя палотны. На гэтых палотнах - вялізныя камяні, якія звальвалі з агромістых самазвалаў - ішлі навабудоўлі дзяржавы. Гэта было модна: творчая моладзь актыўна ўдзельнічала ў камуністычным будаўніцтве краіны. І, вядома, удзел мастакоў дэманстраваўся праз маштабныя творы, якія ён паказваў. Далей было будаўніцтва Салігорскага камбіната. Стасевіч паказваў работу шахцёраў. Іван Нічыпаравіч Стасевіч нам, падлеткам, якія толькі што ўзяліся за аловак, паказваў: аловак бярэцца вось так, а не гэтак. Пачатковыя азы для мяне, зусім яшчэ маладога, які толькі прыехаў з палескіх балот у гэты вялікі мегаполіс, каб спасцігаць запаветную тайну, былі вельмі важныя. І кожны рух, і кожная сустрэча - гэта былі сустрэчы са старонкай, на якой было запісана ўсё пра стварэнне света. Праз некаторы час мой былы аднакашнік, а дакладней - калега па цэху Уладзімір Цітавіч Гардзеенка, таксама вясковы хлопец, толькі з Гомельскай вобласці, неяк аднойчы прызнаўся:"Адчуваю, што адстаю ад жыццёвага абшару гадоў на дваццаць”. Я яму задаю пытанне:"Як ты гэта сабе ўяўляеш?” “Разумееш, тое, што я павінен спасцігаць імгненна, не спасцігаю. І не таму, што ўзрост такі. А проста я не дабраў у юнацтве, у дзяцінстве. І мне даводзіцца гэтыя азы асвойваць з такім напружаннем”. А я яму кажу:" Дзіўна. Але ў мяне тое ж адчуванне. Мне тое, што я не ўзяў у юнацтве і ў дзяцінстве, гэта зараз з вялікай цяжкасцю даецца”. І я разумею, што тады гэта было важна. Не ў меншай ступені гэта важна і сёння. Але нам тады бачылася, што гэтая юнацкая наіўнасць надзвычай важная для індывідуума. Потым яна не дазваляла нам рухацца па шаблоннай дарозе. Нашыя сцяжынкі былі сваеасаблівым узыходжаннем: то ты ў яму ўскочыш, то з ямы выбярэшся. Нас мастацтва вучыла глядзець крыху па-іншаму на цудоўныя старонкі нашага паўсядзённага жыцця.
І вось вяртаючыся зноў да творчасці Івана Нічыпаравіча: калі мы сталі больш сталыя, то неаднаразова падыходзілі да палатна “У беларускіх балотах”. А потым, шмат гадоў пасля, калі Івана Нічыпаравіча ўжо не было, адкрываю яго выставу ў Старых Дарогах, а ён адтуль родам быў, брат яго кажа:"Я ж яму пазіраваў для гэтай карціны многія фігуры. І, кажа, вось для гэтага, што нясе станіну ад кулемёта, пазіраваў”. А я ведаў, што гэта такое, таму што ў маёй дыпломная рабоце мужчына нясе станіну кулямёта, і для гэтага я хадзіў у Музей Айчыннай вайны, маляваў, рыхтаваў матэрыял. І пераканаўчасць палатна была настолькі вялікая і на далейшым, што ён ні на грам не пахіснуў сябе ў маім успрыняцці яго як мастака. Ён быў не гаварун. Выйсці на трыбуну і нешта выказаць - нямногія могуць выйсці без паперкі і абмяркоўваць праблему. Я сабе ўяўляў, што Іван Нічыпаравіч, пахадзіўшы па дарогах вайны, пабачыўшы смерць, зазіраючы ёй прама ў вочы, не мог інкш думаць, не мог па-іншаму адлюстроўваць.
Стасевіч працаваў на кафедры манументальнага мастацтва. Не, ён спачатку працаваў на кафедры жывапісу ў Ахрэмчыка, а потым стварылі кафедру манументальнага, ён ужо ў манументалістаў вёў. Але ён ніколі ў манументальныя справы не ўлазіў. Ён быў сугуба станковы жывапісец. Выдатны, бліскучы. Неаднаразова ён запрашаў мяне ў майстэрню. Яго маленькія эцюды былі проста цудоўныя.
Пастаноўка вока ў нашай справе - гэта, бадай, самае важнае. Таму што калі мы не разбіраемся ў тоне, калі мы не разбіраемся ў суадносінах цёплых-халодных тонаў, то пра жывапіс няма чаго казаць. Гэта ўсё бачна на Сурыкаве, на Сярове, на Урубеле - на гэтых узорах добрых прыкладаў. Што калі прырода тебе нешта падобнае дала, гэта праявіцца абавязкова…
Лічылася ў прынцыпе так: калі ты - майстар, то ў цябе павінна быць абавязкова кампазіцыя за спіной. Бо калі ты кампануеш, то значыць ты думаеш. І яшчэ абавязкова павінен быць змест. Некалі наш Ахрэмчык казаў так:”У інстытут прыходзяць не для таго, каб навучыцца маляваць. У інстытут прыходзяць для того, каб навучыцца пра што напісаць і пра што намаляваць”. Інакш кажучы, ступень азадачанасці чалавека - гэта важней за ўсё. І вось Стасевіч у гэтым сэнсе быў пастаянным. Ад першага дня і да апошняга. У сваіх падыходах, якія яму заклалі ў Сурыкаўскім інстытуце. Вось ён чым для мяне варты - у сваім пастаянстве. У яго ва ўсім ёсць думка. У кожным партрэце. І ў партрэце Дончыка. А яшчэ прыгадваю той, дзе на фоне рэйхстага стаіць малады хлопец з узнятай рукой. Была таксама такая карціна “На маршы галоўнага ўдара”: Жукаў напярэдадні аперацыі “Багратыён” з Ракасоўскім. Стасевіч ва ўсім заставаўся сынам палка. І мне здавалася, што я такім чынам нібы кантактую са сваім загінуўшым бацькам, са сваімі загінуўшымі блізкімі. Я ветэранам заўсёды казаў:”Я з вамі расту”. Мой бацька загінуў, калі яму было дзевятнаццаць, а мне - паўтара гады. І я казаў:”Вы для мяне - тое асяроддзе, у якім я фармаваўся. Я жыву за сябе і за таго хлопца. Гэта таксама мая тэма, мая зацікаўленасць”.
Вось ён быў для мяне такім, Іван Нічыпаравіч Стасевіч.