Сёння на нашых старонках біяграфія вядомага беларускага мастака, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі (1980), прафесара (1985), выкладчыка Беларускай Акадэміі мастацтваў з 1958 года Івана Нічыпаравіча СТАСЕВІЧА.
Вайну сустрэў 12-гадовым хлопчыкам. Хадзіў у школу, прыняў піянерскую прысягу. Вучыўся выдатна. На такіх звярталі ўвагу. Члены падпольнай камсамольскай арганізацыі хадзілі по хатах, размаўлялі, давалі невялікія заданні хлапчукам. Гэта быў 1942 год. Немцы стаялі ў вёсцы, і на маленькага вяртлявага хлапчука нават не звярталі ўвагі. А ён рабіў сваю справу.
Аднойчы да яго прыйшлі і сказалі, што трэба весці атрад да маста, так як партызаны гэтых мясцін не ведалі. Заданне было выканана: мост узарваны. І не адзін раз потым даводзілася хлапчуку хадзіць спачатку ў разведку, затым на заданне. У 1943 годзе яму прапанавалі напісаць заяву ў атрад. Усё праводзілася арганізавана — абы каго не бралі, спачатку правяралі... А потым у атрадзе часта бачылі хлопчыка з алоўкам у руках. Камандзір заўважыў гэта і папрасіў намаляваць танк, а пасля даручыў афармляць газету і лістоўкі. А яму ж хацелася хадзіць ў разведку, на заданні. Але загад ёсць загад. І Іван перапісваў зводкі Саўінфармбюро, пісаў аб праведзеных аперацыях, упрыгожваў іх ілюстрацыямі. Кожная такая лістоўка была даражэйшай за гранату. Малюнкаў было шмат. На жаль, у час блакады яны прапалі.
Быў 1944 год. Пасля цяжкага пераходу партызаны аб'ядналіся з часцямі Савецкай Арміі. Хлопчыка направілі ў Сувораўскае вучылішча. Але вучыцца не давялося - захварэў… Вярнуўшыся дамоў, даведаўся ад суседзяў, што сястра і маці знаходзяцца ў канцлагеры, дзядзьку з братам жыўцом спалілі. Куды падацца? Праз вёску праходзілі нашы войскі, якія гналі ворага на захад. З імі і пайшоў далей Ваня выконваць клятву, якую даў раней: біць ворага да канца. Быў сапёрам, потым атрымаў новы кулямёт, але сваёй справы мастака не кінуў, хоць нескладаная яна была - маляваць дарожныя паказальнікі, пісаць транспаранты ці плакаты, афармляць газеты. Навін было шмат, бо дарога ўжо праходзіла праз Польшчу, Германію. «Да Берліну засталося 200 кіламетраў, 150, 100...» - выводзіў чырвонымі фарбамі сын палка Ваня Стасевіч. «Кроў за кроў, смерць за смерць», прызывалі яго плакаты. Нарэшце аформіў ён свой апошні паказальнік: «Да рэйхстага — 200 метраў!» І вось доўгачаканы дзень Перамогі. Запомніў Іван белы колер на пустых вуліцах Берліна: квітнелі сады, звісалі белыя сцягі з вакон дамоў, белыя простыні з балконаў... І цішыня... Здаецца, не было ўчора тут бою, смерці таварышаў. Таму першы тост камандзір прапанаваў за загінуўшых сяброў. Засталіся ў памяці выведзеныя вялікімі літарамі транспаранты «Слава пераможцам!», «Няхай жыве Перамога!», «Самы кароткі шлях у Маскву праз Берлін!»... А яшчэ застаўся аўтограф на сцяне «Іван Стасевіч - Старыя Дарогі». Вярнуўся Іван Стасевіч 16-гадовым хлопчыкам з медалямі і граматамі ЦК ВЛКСМ за баявыя заслугі, за стварэнне нагляднай агітацыі на франтавых дарогах.
У 1947 годзе паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча, скончыў яго ў 1952 годзе на «выдатна». Адразу ж здаў экзамены ў Маскоўскі мастацкі інстытут імя В.І. Сурыкава. Прыродны талент, жаданне пазнаваць, сур'ёзныя адносіны да вучобы выявіліся рана. Яго першыя работы «Ангара, Ангара!» (Нацыянальны мастацкі музей Беларусі), «Забайкалле» (1956) выстаўляліся ў Акадэміі мастацтваў СССР. З цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінае мастак сваіх настаўнікаў І.Н. Мачальскага і Ф.Л.Мадорава, якія перадавалі яму свой вопыт майстэрства.
Вось яго палатно «У беларускіх балотах» (1958). У ім І. Стасевіч паказаў усё ўбачанае і перажытае, намаляванае сэрцам, жывымі ўспамінамі аб суровых выпрабаваннях. З густога хмызняку, з багны, калі хлюпаў пад нагамі снег, неслі партызаны на руках параненых, правальваючыся ў ледзяную ваду, выходзячы з варожага акружэння. Дапамагае ім туман, сярод якога нябачныя цягнуцца ў густой бялёсай заслоне партызаны. На іх тварах не відаць адчаю і бязвыхаднасці, яны ведаюць, што зноў будуць атакі, перастрэлкі і абавязкова - перамога. Гэтая карціна экспанавалася неаднаразова, атрымала дыплом, а зараз зноў знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. У карціне «Клятва» мастак няяркімі, скупымі фарбамі намаляваў папялішчы спаленай вёскі, куды яны зайшлі пасля бою. Абвугленыя броўны хат, чорныя ствалы дрэў і толькі абгарэлыя, чорныя трубы печаў тырчаць сярод раскіданага, скурочанага хатняга начыння. У цэнтры кампазіцыі — нерухомая група партызан. Яны маўчаць, губы моцна зжатыя, і толькі вочы нібы крычаць аб нянавісці і помсце. У вобразах старога і яго ўнука перадаецца пераемнасць пакаленняў, заснаваная на вернасці патрыятычнай ідэі. Мастаку не трэба было прыдумваць вобразы, ён іх бачыў вакол сябе.
Кожныя 10 гадоў праводзіліся выстаўкі, прысвечаныя Вялікай Перамозе. На іх заўсёды займалі пачэснае месца карціны І.Н.Стасевіча, у тым ліку «Партрэт М.З. Патапава», «Брэсцкая крэпасць», «Піскароўскія могілкі», «Вечны агонь», «Сустрэча віцебскіх партызан з Чырвонай Арміяй» і г.д. Зноў і зноў вяртаецца мастак да гераічнай тэмы, піша карціну «Неўміручасць», задумаў намаляваць яе як рэквіем загінуўшым героям, пахаваным у Трэптаў-парку.
У 60-х - пачатку 70-х гадоў беларускае выяўленчае мастацтва дасягнула высокага ўзроўню ў вырашэнні гераічнай тэмы. І. Стасевіч напісаў у той час карціны «Берлін. Май 1945 года» (1966 — 1967), «Шчаслівая сустрэча» (1969 — 1970), «Суровае юнацтва» (1971). У гэтай амаль аўтабіяграфічнай рабоце мастак паказаў маладога воіна з баявымі ўзнагародамі на грудзях. Ён стаіць на даху рэйхстага ў залацістым святле і глядзіць у далячынь, пад нагамі ў дыме і пажары пераможаны Берлін.
Голас роднай зямлі адчуваецца ў творы «Бярозкі»: спакойная роўнадзь вады, цішыня, прыбярэжныя хмызнякі. Прасякнута любоўю да родных мясцін палатно «Браслаўскія азёры». Цікавасць мастака да сучаснікаў, культуры Беларусі адлюстраваны ў шэрагу партрэтаў: прэзідэнта АН Беларусі М.А. Барысевіча, Героя Савецкага Саюза В.З Каржа, народнага мастака Беларусі скульптара А.А.Бембеля, партызанкі А. Каляноўскай, Маршала Савецкого Саюза Г.К.Жукава і шмат іншых. Асабістае знаёмства з пляменнікам Я.Купалы, доўгія размовы з роднымі пра вялікага песняра натхнілі мастака напісаць яго партрэт на фоне чырвонага Крамля ў Маскве. Партрэт-карціна «Ігар Лучанок» створаны пад уражаннем яго песні «Спадчына», якая напісана на словы Я. Купалы.
А потым былі праца і вучоба ў Маскве. Помнікі старажытнарускай культуры назаўсёды покінулі след у сэрцы мастака. Ён звяртаецца да тэмы помнікаў Расіі і малюе іх на фоне прыроды: «Кіжы», «Востраў Валаам», «Ісакіеўскі сабор», «Петрапаўлаўская крэпасць», «Сафія Наўгародская», «Тут выхоўваўся А.С.Пушкін» і шмат іншых. Залацістыя купалы, белакаменныя цэрквы і манастыры прапрацаваны жывапісцам дасканала. Ён з густам і тактам знаходзіць найтанчэйшыя светлавыя адценні. Напісаныя ў рэалістычнай манеры творы мастака цудоўна перадаюць сухое цёплае лета і познюю восень. Накладваючы фарбы на палатно, ён выражае свае думкі, мары, пачуцці, якія, можа, знойдуць водгук у душы людзей, і абудзяць думкі аб цудоўным.
З 1958 года І.Н.Стасевіч выкладаў у тэатральна-мастацкім інстытуце (зараз Нацыянальная Акадэмія мастацтваў Беларусі). Дацэнт кафедры, прафесар, за 38 гадоў сваёй педагагічнай дзейнасці ён падрыхтаваў такіх вядомых беларускіх мастакоў, як заслужаны дзеяч мастацтваў Б.У.Аракчэеў, дактары навук Л.М.Дробаў, Ф. Шматаў, народны мастак Беларусі Л.Д. Шчамялёў і іншыя. Сярод яго вучняў ёсць лаўрэаты дзяржаўных прэмій Беларусі, заслужаныя дзеячы мастацтваў…
Нягледзячы на сталы ўзрост, І. Стасевіч актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці Акадэміі мастацтваў, Саюза мастакоў Беларусі. Ён прысутнічаў на шасці з'ездах Саюза мастакоў СССР, абіраўся на розныя пасады ў Саюзе мастакоў Рэспублікі. Імя беларускага мастака вядома ў свеце. Музеі рэалістычнага мастацтва Англіі, ЗША, Японіі і іншых дзяржаў лічаць за гонар мець у сваіх калекцыях яго творы.
Галія ФАТЫХАВА,
мастацтвазнаўца,
газета “Славянский набат”, №22 1997 г.