БАРАБАНЦАЎ:- Голас у яго быў такі басавіты. Прыходзіць на заняткі і кажа: ”Сёння ў нас будзе такая пастаноўка, вось такія задачы будзем вырашаць. І малюйце”. Падыходзіў, папраўляў нешта. А болей за ўсё, калі мы паехалі на практыку ў Ноўгарад, і ён з намі паехаў. Мы павінны былі рабіць копіі. Я памятаю, гэта копія - вось яна вісіць у мяне - гэта з Антоньева манастыра. И калі паехалі, ён кажа:”Ой, хлопцы, тут такая добрая медавуха ёсць. Ну, гэта трэба ехаць туды і туды”. Так мы паехалі ў Антоньеў манастыр. Там я ужо пачаў выконваць гэту работу. Ён падыходзіць. А я апрануў такую робу - такі халат цёмны, чорны, яшчэ нешта на галаву, вось быццам манах. Ён паглядзеў: “Як цудоўна ты зрабіў: і драпіны бачны на сцяне, і асыпаны тынк. Ухваляў мае адносіны да сапраўднасці гэтай фрэскі і жаданне перанесці яе на палатно. Гэта ў натуральную велічыню зроблена, адзін у адзін.
Вось такая фрэска, яна дванаццатага - чатырнаццатага стагоддзяў, захавалася ў такім добрым стане. И вось я яе потым перанёс. Вядома, медавуху ў Антоньевым манастыры мы паспыталі. Але гэта ўжо бліжэй да вечара. Ён не ўсіх запрашаў, а толькі тых, хто жадаў. Мы сурьёзна ставіліся да работы. А ён пісаў эцюды. Я памятаю: такія сінія, цёмныя і шчыльныя, неба сіняе и белыя саборы. Яны ззяюць ад сонца. Вось такая кантрастнасть перадачы святла і цені. Ён гэтым займаўся. І найпершую задачу ставіў. І вось што цікава: калі ён малюе камапазіцыю або партрэт, то пачынае вуглём, падрабязна малюе форму, аб’ём. Потым бярэ туш і абводзіць гэта, а потым ужо піша алеем. Я так не магу. Я па характары іншы. Я магу намаляваць, а потым на палатне ўзяць і перарабіць.
К:- Прасцей кажучы, мастак адразу нібы канструкцыю стварае.
БАРАБАНЦАЎ:- Канструкцыю будуе і ад яе ўжо нікуды. У яго такі метад работы быў. Я памятаю, тады ён пісаў шмат эцюдаў. Мы багата матэрыялаў прывезлі. Ён пісаў і копіі, і цэрквы, і саборы. І Волхаў - гэта там рака такая. Запамінальная практыка была. Целы месяц былі. Цяпер у студэнтаў такога няма. Як кажуць, залаты час быў. Гэта 78-ы год.
К:- Мастак мастака звычайна ацэньвае. І нечаму зайздросціць, нешта ўхваляе, нешта спрабуе сам пераняць. Што ў яго хацелі ўзяць?
БАРАБАНЦАЎ:- У кожнага мастака ёсць свае перыяды, свае прыхільнасці. Быў час калі мне падабаўся адзін мастак. Потым нешта мянялася. Тым больш калі ты вучань, студэнт. Мне хацелася навучыцца ў яго дакладнаму вядзенню работы: умела зрабіць малюнак, потым падрыхтаваць кардон, з кардона перавесці, абвесці тушшу. Але гэта не маё. Мне гэта імпанавала спачатку. Але цяпер гэта мне замінае. Я больш экспрэсіўны чалавек. Пачынаю так, а потым хочацца прадоўжыць зусім па-іншаму. А ён заўсёды крочыў сваёй дарогай. Нават у яго работах можна туш знайсці - яна ж не змываецца. Вугаль - той змываецца, асыпаецца, трэба фіксаваць. А Стасевіч абводзіў тушшу. Гэтая методыка, напэўна, ад Сурыкаўскага інстытута пайшла. Памятаю яго карціну “У беларускіх балотах” - гэта дыплом яго - шыкоўная работа. Мне яна падабалася і па кампазіцыі, і яна манументальна глядзелася.
К:- Што яшчэ з яго работ успамінаецца?
БАРАБАНЦАЎ:- Узгадваю яшчэ “Жукава”, вялікая работа. Таксама напісана ў такой манументальнай форме і з дакладнасцю малюнка, аб’ёма. Там назіраюцца такія мазочкі, па форме прывабныя. Вельмі цікавая работа... Мы з ім падтрымлівалі адносіны. Памятаю, у мяне была выстава на 50 год, у Палацы. Я сабраў усіх, каго хацеў, падагнаў аўтобус і мы паехалі ў сталоўку інстытута, дзе працавала моя жонка. І ён пасля ўспамінаў:- “Ну, Віктар, як здорава гэта было!” Я памятаю, калі мы яшчэ студэнтамі прыходзілі ў яго мастэрню, то там у яго былі шынель, ружжо, каска - атрыбуты, якімі ён карыстаўся. Методыка работы ў яго была такая, не як зараз, а як у старых майстроў: натуршчык стаў у позу, апрануў патрэбную форму, калі гэта ваенны. Гэта нармальна. Усе майстры карысталіся гэтым і ўжывалі. Той жа Эль Грэка рабіў драпіроўкі, і вывешваў, і ракурсы будаваў. А далей ужо фантазія мастака працуе. Галоўнае - адштурхнуцца ад нечага. У яго гэта методыка работы мне падабалася.
К:- А пра вайну ён успамінаў?
БАРАБАНЦАЎ:- Звычайна такія людзі пра гэта мала гаварылі. Вось і мой бацька таксама. Балючая тэма. Яны не часта стараліся яе пісаць. Таму што балюча гэта ўсё. Зноў перажываць гэта, уваходзіць у яго. Гэта ж псіхалогія. Не расказваў… I потым пра гэта трэба было распытваць. Не заўсёды было ёмка. А мінулае яго жыццё міжволі адбівалася на яго звычках. Тое ж жыццё ў партызанах. Усялякія старыя рэчы ён старанна захоўваў, нават знешне і непатрэбныя. То рэечку, то дошку нейкую - усё патрэбна ў гаспадарцы. Беражлівы быў у гэтым плане. Гэта характар часу і вясковага хлопца. Не так усё проста ў жыцці давалася. Такі быў час: кожны цвік на ўліку. Яны былі сябрамі з Толям Бараноўскім. Ён быў яшчэ сябрам Няфёда.