У прадмове да кнігі У. Караваева «Медаль за бой, медаль за труд», якая выйшла ў выдавецтве «Молодая гвардия», Галоўны маршал бронетанкавых войск Герой Савецкага Союза П. Ротмістраў піша: «У тыя страшныя, цяжкія гады дзеці хутка сталелі. І не дзіўная ранняя грамадзянскасць гэтых рабят: у цяжкі для краіны час яны ў свае 10-14 гадоў ужо ўсведамлялі дачыненне свайго лёсу да лёсу Айчыны, лічылі сябе часцінкай свайго народа. Яны змагаліся, ні ў чым не ўступаючы дарослым, часта нават рызыкуючы жыццём».
Адзін з герояў гэтай кнігі - сын палка Ваня Стасевіч. Ён не раз глядзеў смерці ў вочы. За мужнасць і адвагу, праяўленыя ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, удастоены баявых узнагарод. Пра юнага воіна расказваюць зараз і экспанаты Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны. Высокія грамадзянскія ідэалы, бязмежная любоў да Радзімы заўсёды вызначалі і вызначаюць жыццё і творчасць былога салдата, цяпер вядомага беларускага жывапісца Івана Нічыпаравіча Стасевіча.
І. Н. Стасевіч нарадзіўся 9 студзеня 1929 года ў вёсцы Мядзведня Старадарожскага раёна Мінскай вобласці. З дзяцінства яму была вядома кожная сцяжынка сярод бароў, гаёў і балот, ведаў, дзе больш можна сабраць грыбоў, арэхаў. А якая paдасць несці дадому кошык чырвоных суніц або журавін! Асабліва любіў Ваня чырвоны колер. Часта маляваў яркае сонца, такія ж яркія зоркі на фюзеляжах самалётаў і вежах танкаў.
У гады Вялікай Айчыннай вайны ўвесь савецкі народ узняўся на барацьбу з ворагам. У Беларусі шырока разгарнуўся партызанскі рух. Партызаны рабілі частыя налёты на гітлераўцаў. Бацька Івана Стасевіча, Нічыпар Сямёнавіч, за сувязь з народнымі меціўцамі быў схоплены фашыстамі і адпраўлены ў канцэнтрацыйны лагер. Сам Ваня таксама дапамагаў партызанам. Чатырнаццацігадовага падлетка залічылі байцом атрада імя Кірава брыгады імя Фрунзе. З разведчыкамі Мікалаем Валатковічам, Аркадзем Кукліцкім, чэхамі Янакам і Ромам ён хадзіў на заданні. У час адпачынку занатоўваў у малюнках партызанскія будні. Аднойчы яго выклікаў камандзір атрада:
– Чуў я, добра малюеш. Будзеш дапамагаць выпускаць «баявыя лісткі».
– А як жа з разведкай, дыверсіямі? — запярэчыў Ваня.
– А гэта хіба не баявое заданне? Баявое, брат. Ды яшчэ якое! – гаварыў камандзір.
У атрадзе Стасевіч перажыў блакаду. Карнікі кінулі супраць народных меціўцаў танкі, артылерыю, самалёты. Але партызаны выстаялі, перамаглі.
Нарэшце надышоў доўгачаканы і радасны дзень вызвалення, дзень сустрэчы з Чырвонай Арміяй. І. Н. Стасевіча вырашылі накіраваць у сувораўскае вучылішча.
-- Я даў партызанскую клятву змагацца з гітлераўцамі да поўнага іх знішчэння. І ў ніякае вучылішча не паеду, — заявіў ён. І не паехаў. Дамогся, што яго залічылі ў аўтамабільна-дарожную часць 1-га Беларускага фронту.
Сын палка Ваня Стасевіч удзельнічаў у фарсіраванні Віслы, Берлінскай аперацыі, маляваў плакаты «Раздавім фашысцкую гадзіну!», «Смерць нямецка-фашысцкім захопнікам!», «Яшчэ мацней удар па ворагу!», рабіў надпісы на дарожных паказальніках, па якіх арыентаваліся савецкія пехацінцы, танкісты, артылерысты, што з баямі няўхільна рухаліся на захад. Апошні паказальнік юнага воіна і мастака - «Да рэйхстага — 250 метраў». На сцяне рэйхстага шаснаццацігадовы беларускі юнак распісаўся: «Іван Стасевіч, Старыя Дарогі - Берлін». За прыкладнае выкананне воінскага абавязку, за выдатную наглядную агітацыю на франтавых дарогах ЦК ВЛКСМ узнагародзіў камсамольца Івана Стасевіча Ганаровай граматай.
Пасля вайны будучы мастак скончыў на «выдатна» Мінскае мастацкае вучылішча. У гэтым яму дапамаглі ўпартасць, настойлівасць, вопытныя педагогі Аляксандр Пятровіч Мазалёў, Галіна Міхайлаўна Ізергіна і іншыя, аб якіх з вялікай павагай сёння гаворыць Іван Нічыпаравіч.
У 1952 годзе І. Стасевіч паспяхова здаў уступныя экзамены ў Маскоўскі мастацкі інстытут імя В. І. Сурыкава. Талент, сур'ёзныя адносіны да мастацтва, штодзённая праца, улюбёнасць у жыццё дазволілі яму яшчэ студэнтам плённа праявіць сябе ў жывапісе. Шматлікія эцюды ангарскай серыі, напісаныя ім у час практыкі, былі выстаўлены ў Акадэміі мастацтваў СССР. У далейшым яны сталі асновай для стварэння вялікіх карцін.
Пабываў малады мастак на Поўначы, дзе разам з рыбакамі Мурманска спазнаў нялёгкія будні мірнай працы.
– Я знаходзіўся побач з матросамі, людзьмі мужнымі, вытрыманымі, — успамінае Стасевіч. — Цяжкія ўмовы - ураганныя ветры, моцныя штормы — яшчэ больш загартавалі мяне. Там, на Поўначы, як і на вайне, я адчуў вялікую любоў нашых людзей да роднай зямлі, іх адданасць Айчыне, імкненне памнажаць яе багацце.
Галоўны лейтматыў работ паўночнага цыкла, створаных мастаком, — натхнёная праца нашага сучасніка, яго маральная прыгажосць, духоўнае багацце, праяўленне сілы духу.
У станаўленні І. Стасевіча як жывапісца вялікая заслуга вопытных педагогаў інстытута. З удзячнасцю ўспамінае Іван Нічыпаравіч Дзмітрыя Канстанцінавіча Мачальскага. Мастак Мачальскі з самага пачатку свайго творчага шляху ставіў перад сабой задачу глыбока раскрываць характары сучаснікаў, быў прыхільнікам яснага сюжэта і падначаленай унутранай рытміцы кампазіцыі. Яго героі як бы прыйшлі з самога жыцця. Работам Мачальскага ўласцівы жывапіснасць мазка, моцнае гучанне колеру, выразнае размяшчэнне фігур у трохмернай прасторы. Сакрэты свайго майстэрства Дзмітрый Канстанцінавіч шчодра перадаваў студэнтам, у тым ліку і І. Н. Стасевічу, быў кіраўніком яго дыпломнай работы — карціны «У беларускіх балотах» (1958). Гэтае палатно экспанавалася на Усесаюзнай мастацкай выстаўцы «40 год ВЛКСМ» і адзначана дыпломам.
- Для мяне самым важным было, — гаворыць Іван Нічыпаравіч, — паказаць у карціне, як у надзвычай складаных абставнах вайны праяўляліся вялікая вытрымка, адзінства, згуртаванасць савецкіх людзей, жыла іх вера ў перамогу.
Пастаўленую задачу мастак вырашае праз характары герояў, востры сюжэт, дынамічную кампазіцыю. Працуючы над творам, ён пабываў у тых мясцінах, дзе змагаўся з ворагам, сустракаўся там з былымі партызанамі, зрабіў многа эцюдаў. Уводзячы ў карціну шмат персанажаў, Іван Нічыпаравіч асноўны ўпор робіць на іх псіхалагічнае раскрыццё, падкрэслівае тое, што яднае гэтых герояў-змагароў. Так, лірычны вобраз маладой жанчыны з малым на руках (прататып яе — былы сакратар камсамольскай арганізацыі атрада Марыя Кірэеўна Раманенка - Жанна) толькі на першы погляд кантрастуе з іншымі вобразамі, ад якіх павявае суровасцю.
Сюжэт карціны раскрывае складанасць абставін, у якіх дзейнічаюць героі. Дым і туман сцелюцца над лесам, балотам. Нялёгка ісці па балоце людзям, знясіленым цяжкімі выпрабаваннямі. Аднак верыш, што народныя мсціўцы пераадолеюць усе нягоды, выйдуць з блакады. Колькі ў іх рашучасці змагацца, прарваць варожае акружэнне! Рух партызан перададзены па дыяганалі, у дынаміцы.
Кампазіцыя твора падпарадкавана адной мэце: паказаць згуртаванасць змагароў за свабоду, іх непарыўную сувязь з роднай зямлёй. Нават маладыя бярозкі, заўсёды такія гонкія, светлыя, тут нейкія вуглаватыя, суровыя. Прамая сувязь стану прыроды з ваенным ліхалеццем! Колеры, асабліва зеленаватыя, свінцовыя і шэрыя, таксама актыўныя ў перадачы трывожнага часу.
Карціна «У беларускіх балотах» была высока ацэнена прэсай. Газета «Советская культура» аб ёй пісала, што сама праўда вайны, суровая і мужная, крочыць разам з героямі палатна па беларускай дрыгве.
Іван Стасевіч, як правіла, бярэцца за вырашэнне тэм высокага грамадзянскага гучання. Яго заўсёды хвалююць героіка вайны і мірнай стваральнай працы, вобраз нашага сучасніка. Ён піша карціны: «На будаўніцтве Іркуцкай ГЭС», «Партрэт лесаруба Брацкай ГЭС» (1958), «Ангара, Ангара...» (1960), «Пакарэнне Падунскіх парогаў» (1961).
— Паказваць сучаснасць, — разважае мастак, — значыць узнімаць жыццёвыя пласты, своечасова адгукацца на з'явы рэчаіснасці, адчуваць змены нашых дзён, глыбока разумець эпоху. У сувязі з гэтым мне ўспамінаецца выдатная карціна вядомай савецкай мастачкі Таццяны Яблонскай «Хлеб», створаная на рубяжы 40-50-х гадоў. Яблонская аднойчы сказала: «Я б жадала, каб мая карціна гучала як добрая народная песня аб працы, каб яна была помнікам людзям». А асваенне Сібіры — ці не помнік нашаму народу!
Твор «Ангара, Ангара...» экспанаваўся на Усесаюзнай мастацкай выстаўцы ў 1961 годзе. У ім адлюстраваны адказны, рашаючы момант у будаўніцтве Брацкай ГЭС — перакрыццё імклівай наравістай ракі.
У кампазіцыі карціны два асноўныя планы. На першым – будаўнікі, вобразы герояў светлыя, як гэты ўрачысты дзень. Магутныя МАЗы, якія скідаюць каменныя глыбы ў пеністую бурлівую ваду, — другі план. Ён сімвалізуе ўклад Беларусі ў будаўніцтва Брацкай ГЭС.
Каб падкрэсліць шырокі размах новабудоўлі, перадаць энтузіязм людзей, І. Н. Стасевіч выкарыстоўвае панарамную кампазіцыю, мажорныя фарбы. У творы пануе чырвоны колер колер радасці і аптымізму.
У палатне «Пакарэнне Падунскіх парогаў» менш эмацыянальнасці, чым у карціне «Ангара, Ангара...». Можна сказаць, што ў ім вытворчы працэс, дзе ўладарыць тэхніка, у нейкай меры зацьміў галоўнага героя – маладога будаўніка. Сам мастак тлумачыць гэта паспешлівасцю ў рабоце.
У гэты перыяд І. Н. Стасевіч напісаў шэраг пейзажаў. Адны з іх былі выкарыстаны для тэматычных карцін, другія сталі самастойнымі палотнамі.
Пейзаж «Востраў Альхон» (1960) з байкальскай серыі ўспрымаецца як паэтызацыя сібірскай зямлі. Адчуванне такое, што ў творы зафіксавана не імгненне, а выяўлен рытм жыцця прыроды. Тэмпераментнасць жывапісу надае дынамічнасць усяму пейзажу.
У карцінах ангарскага цыкла пейзаж таксама перадае бурлівае жыццё. Імклівая рака, неўтаймаваныя парогі блізкія няўрымслівасці чалавека, яго неспакойнаму характару. Сам фон становіцца месцам дзеяння, актыўным кампанентам вобразнага і эмацыянальнага ладу палотнаў.
У пачатку 60-х гадоў у распрацоўцы савецкімі мастакамі тэмы сучаснасці галоўная ўвага ўдзяляецца выяўленню маральных якасцей чалавека-стваральніка, паказу яго характару, псіхалогіі, вядзецца пошук найбольш выразных пластычных сродкаў.
У жанравым жывапісе значныя па зместу і форме карціны «Будаўнікі Брацка» В. Папкова, «Рамонтнікі» Т. Салахава, «Поўдзень», «У вёсцы» А. Пластава, «Поўдзень» Д.Мачальскага, «Вяселле» Т. Яблонскай, «Новыя кварталы» Ю. Піменава.
Актыўна працуюць і беларускія мастакі. Высокую ацэнку атрымалі творы «На зямлі беларускай» В. Цвіркі, «Абавязацельства», «Хлеб» М. Савіцкага і іншых.
Беларусь у гэты час нагадвае вялікую будаўнічую пляцоўку. Іван Нічыпаравіч лічыць сваім абавязкам адлюстроўваць працоўную героіку. Ён піша партрэты будаўнікоў Васілевіцкай ДРЭС, стварае такія палотны, як «ЦЭЦ нафтазавода», «Рэзервуары нафтазавода», «Першая чарга нафтазавода». І зноў-такі галоўны іх герой — сучаснік.
Найбольш удалася І. Стасевічу карціна «Шахцёры Салігорска» (1963). Гэта палатно высокага грамадзянскага гучання, глыбокага пранікнення ў псіхалогію чалавека рамантычнай узнёсласці.
Карціне папярэднічала напружаная работа. На будоўлі калійнага камбіната мастак пісаў будаўнічыя аб'екты. Ён імкнуўся выявіць яе «характар» і «партрэт», звязаць у адно цэлае прыкметы часу, думкі і парыў удзельнікаў асваення нетраў Беларусі. У 1962 годзе стварае карціны «Салігорск» і «Капры Салігорска». Герой ягонай партрэтнай кампазіцыі — шафёр С. Прахарэвіч, чалавек сціплы, з адкрытым тварам, крыху задуменнымі вачамі, унутрана засяроджаны.
— Менавіта такія простыя, сціплыя людзі і вырашалі лёс будоўлі, — падкрэслівае І.Стасевіч.
...Рабочы пасёлак. Ідуць шахцёры. Яны прыехалі на салігорскую зямлю з усіх куткоў краіны, каб прынесці ёй славу. Такі сюжэт карціны «Шахцёры Салігорска», лейтматыў якой — паэзія працы. У ёй ярка адлюстраваны духоўны парыў савецкага чалавека, дружба народаў нашай краіны.
Поступ шахцёраў упэўнены, хаця будні іх нялёгкія. Яны дзелавіта абмяркоўваюць надзённыя справы.
У адзінстве рабочага класа, эстафеце пакаленняў — невычарпальная сіла савецкага грамадства, працоўнага подзвігу. Вось асноўнае сцвярджэнне мастака. Каб падкрэсліць жыццё, працоўны пафас, бурны рытм будоўлі, Стасевіч выкарыстоўвае дынамічную кампазіцыю, дакладна размяшчае фігуры ў прасторы. Такі кампазіцыйны прыём у пэўнай меры вызначыў і пабудову карціны «У беларускіх балотах». Але ў ёй глядач назірае за дзеяннем як бы збоку. У творы ж «Шахцёры Салігорска» бачыш не проста людскія патокі. Яны — нібы жыватворныя ручаі. Героі, асабліва цэнтральнай групы, пададзены ў фас. Глядач як бы сустракаецца з іх унутраным светам, жыве аднымі думкамі і з'яўляецца саўдзельнікам падзей.
Карціна «Шахцёры Салігорска» напісана выразна і энергічна. Мастак стварае ілюзію аб'ёмнасці, падкрэслівае напружанасць чалавечага цела пад грубымі рабочымі спяцоўкамі. Каларыт пабудаваны на некалькіх асноўных колерах - барвова-малінавым, сіне-блакітна-фіялетавым, залаціста-вохрыстым, гарманічна аб'ядноўвае ў адно цэлае камбінат, шахцёраў, сціплы пейзаж. Твор экспанаваўся на шматлікіх выстаўках, яго цёпла ўспрынялі гледачы, аб ім нямала гаварылася на старонках часопісаў і газет. У «Огоньке» (№ 50 за 1966 г.), у прыватнасці, адзначалася, што пераможцы на палях вайны праслаўляюць цяпер родную зямлю сваёй працай. Тут і маладыя людзі, для якіх вайна амаль легенда, і суровыя салдаты, якія змянілі вінтоўкі на прылады шахцёрскай працы.
Іван Нічыпаравіч разумее: каб глыбей паказаць рэчаіснасць, трэба добра ведаць жыццё. Ён часта сустракаецца з рабочымі, калгаснікамі, адлюстроўвае іх не толькі ў карцінах, але і ў партрэтах. І. Н. Стасевіч едзе на Случчыну, у саўгас «Рачкавічы», дзе піша партрэты герояў працы, стварае «Партрэт даяркі» (1962). Гэтае палатно сцвярджае душэўную прыгажосць чалавека працы, у ім усё перададзена дакладна і жыццёва: і постаць працаўніцы, і спакойны погляд.
Чысціня вобраза - вось што ў першую чаргу хвалюе мастака ў партрэце. Тут вельмі сакавітыя фарбы, асабліва блакітныя. Багатай колернай гамай расквечана хустка. Ярка ззяе ордэн. Твар даяркі нібы выпраменьвае святло. Пры ўсёй сваёй скульптурнай пластычнасці, выразнасці контураў ён пазбаўлены вуглаватасці, бо напісаны лёгкімі мазкамі. Жывапісец карыстаецца тонкай святлоценявой мадэліроўкай, мажорнымі фарбамі.
– Больш за ўсё ў нашых людзях вабіць іх душэўнасць, сардэчнасць, ветлівасць і працавітасць. Лічу, што ў партрэтах усё павінна быць сціплае, захавана мера праўдзівасці, — гаворыць І. Н. Стасевіч.
З такім падыходам напісаны «Партрэт былога камандзіра партызанскага атрада М. З. Патапава» (1964). Герой вайны сядзіць за сталом, на якім ляжаць белыя рамонкі. Простая кампазіцыя партрэта выяўляе галоўныя рысы характару чалавека: цвёрдасць духу, волю, шчырасць. Асноўны акцэнт мастак робіць на перадачу выразнасці твару і рук Патапава. Глянеш на іх — і ўяўляеш нялёгкае, напоўненае вялікімі падзеямі жыццё гэтага чалавека.
Іван Стасевіч адначасова захапляецца лірычным пейзажам. Ён лічыць: «Пейзаж без гарызонту — не пейзаж». Таму работы мастака напоўнены паветрам, святлом.
Паэтычны пейзаж «Восень» — сталічны парк імя Чэлюскінцаў. Мажорны настрой твора ствараюць залацістыя і чырвоныя фарбы. У яго сціплым матыве — каля клёнаў дзяўчынка — паказана любоў аўтара да невялікага куточка роднай прыроды.
У пейзажы «Жыта» (1962) адлюстравана поле збажыны. Спелыя каласы над ветрам. Твор гэты — гімн чалавеку працы. І палітра мастака тут радасная, як само жыццё.
Жывапісец адлюстроўвае тыпічныя беларускія краявіды: лес і рэчку, пагоркі і вёскі, ціхія гарадкі. Паказваючы канкрэтныя матывы, ён не забывае пра абагульненне вобраза прыроды, перадачу зменлівасці яе стану.
«Мазыршчына» (1961) — пейзаж лірычнага плана. Усё ў ім: разліў Прыпяці, домікі, яблыні — асветлена сонцам. Танальная гармонія халодных і цёплых фарбаў стварае хараство ціхага дня.
Зверху ўзята натура ў пейзажы «Мазыр» (1962). Панарамная кампазіцыя як бы запрашае гледача палюбавацца старажытнасцю горада, спакойнай Прыпяццю. Сціплы і просты матыў, адлюстраваны няяркімі фарбамі, нараджае незабыўны вобраз роднай зямлі.
У гэтыя гады Іван Нічыпаравіч стварае яшчэ два палатны «Стагі» і «Заходняя Дзвіна». У творы «Стагі» адчуваецца прыгажосць ціхага вечара пасля працоўнага дня, калі паветра напоена водарам скошаных траў.
У «Заходняй Дзвіне» вабіць спакойны каларыт, у аснове якога - бэзавыя фарбы. Яны яднаюць, як і кампазіцыйныя планы, у адно цэлае гэты прыгожы куток беларускага краю.
Адзначаныя палотны сведчаць аб тым, што І. Стасевіч, адлюстроўваючы рэальныя матывы, надае ім паэтычнасць і лірычнасць, якія эмацыянальна ўздзейнічаюць на чалавека. А ў гэтым, як вядома, якраз і раскрываецца душа прыроды.
Прырода, зямля і чалавек... Вось у чым бачыць адзінства жыцця мастак. Вельмі характэрны пейзаж «Жытнёвае поле» - поле прыгажосці і радасці працы хлебароба. Шырокае і раздольнае, яно, як і вёска, звязана з нівай трывала, па-сялянску.
Так, здавалася б, у някідкіх пейзажах выступае вялікая тэма Радзімы. Любоў да роднага краю, роднай зямлі, да прыроды, — гаворыць Іван Нічыпаравіч, — гэта крыніца творчага натхнення. Услухаешся ў пошум бору – і душа поўніцца святлом. Глянеш на такую прыгажосць — і рука цягнецца да пэндзля. Вядома, мне не прадстаўляецца магчымасць бываць кожны дзень у лесе ці на лузе. Таму кветкі, якія заўсёды знаходзяцца ў майстэрні, у нейкай меры ліквідуюць гэты прабел. Побач з імі лягчэй становіцца на сэрцы. Мяне вабяць героі, улюбёныя ў прыроду. М. З. Патапава, напрыклад, я сустрэў, калі ён збіраў у полі рамонкі. Пазнаёміліся. Пасябравалі, шмат аб чым гаварылі. І вельмі добра ён сказаў: «Мы змагаліся з ворагам не толькі за жыццё, незалежнасць, а яшчэ і за тое, каб больш не гарэла збажына, каб не знішчаліся нашы лясы, каб кветкі прыносілі радасць людзям».
«Партрэт М. З. Патапава» экспанаваўся на рэспубліканскай мастацкай выстаўцы, прысвечанай 20-годдзю Перамогі савецкага народа над гітлераўскай Германіяй. На ёй быў прадстаўлены і пейзаж «Плошча Перамогі» (1965). У ім, як і ў палотнах «Брэсцкая крэпасць», «Піскароўскія могілкі», «Вечны агонь», мастак звяртаецца да гераічнай тэмы, пачынае працаваць над новымі і значнымі тэматычнымі карцінамі аб Вялікай Айчыннай вайне.
Сярэдзіна 60-х гадоў — новы этап у творчасці І. Н. Стасевіча. У гэты час ён стварае карціны «Неўміручасць» і «Клятва» (1965-1967), дзе звязвае гераічнае мінулае з сучаснасцю, паказвае высокія маральныя якасці савецкіх людзей. Лад гэтых твораў манументальны, жывапісная мова багатая і пластычная.
Карціна «Неўміручасць» была задумана як рэквіем загінуўшым героям. Я асабіста ведаю, — успамінае аўтар, — як прарываліся да рэйхстага сцяганосцы, як у Трэптаў-парку хавалі савецкіх воінаў, якія аддалі жыццё за вызваленне народаў Еўропы ад фашызму. Таму і вырашыў напісаць палатно аб тых незабыўных днях, расказаць пра мужнасць савецкага салдата, выявіць вытокі савецкага патрыятызму.
...Усё навокал ахутана дымам, пажарышчамі, але ярка палымнее пунсовы сцяг, прабіты асколкамі і кулямі. У імклівым парыве байцы нясуць яго да купала рэйхстага. Адзін з іх ужо смяртэльна паранены, другі падхоплівае дрэўка з яго рук.
Сцяг амаль на ўсю карціну. Буйнамаштабныя, амаль скульптурныя, фігуры герояў. Усім вобразным ладам твора мастак адлюстраваў драматызм абставін. Чырвоны сцяг — сімвал перамогі. А яркія гарачыя фарбы на палатне нагадваюць кроў савецкіх воінаў, якой шчодра паліты франтавыя дарогі Еўропы. У карціне мастак выкарыстоўвае панарамную кампазіцыю, якая яскрава паказвае месца цяжкага бою. Галоўныя яе кампаненты — першы план і рытміка: савецкія воіны ўспрымаюцца манументам неўміручасці, іх рух наперад са сцягам, што пругка трымаецца пад парывамі ветру і свінцовым дажджом, імклівы. Уся гэтая сцэна становіцца яшчэ больш дынамічнай ад таго, што ў карціне ёй проціпастаўляецца статычнасць грубага металічнага каня на рэйхстагу.
Карціна «Клятва» таксама навеяна ўспамінамі. Многія родныя і блізкія мастака загінулі ад фашысцкіх катаў. І. Стасевіч асэнсаваў падзеі вайны і напісаў палатно моцнага гучання, у якім адлюстраваў трагедыю ваенных гадоў і героіку савецкага народа. Ён стварыў сімвалічны вобраз рэспублікі-партызанкі.
У цэнтры твора — маналітная пяціфігурная група партызан. У глыбокім смутку стаяць народныя мсціўцы: на месцы былой вёскі — папялішча. Выразна перададзены стары партызан. «Паклон табе, родная шматпакутная зямля, паклон вам, загінуўшыя землякі, ніколі вас не забудзем, будзем граміць катаў», — чытаем яго думкі. У гэтым героі сканцэнтраваны лепшыя рысы беларускага народа: мудрасць, разважнасць, адвага.
Нямала давялося папрацаваць Івану Нічыпаравічу, каб стварыць гэты яркі вобраз. Ён доўга шукаў тыпаж, зрабіў нямала эцюдаў. Персанажы карціны аб'яднаны агульнымі перажываннямі і барацьбой за перамогу. І перамога над ворагам недалёка, сцвярджае мастак: да чырвонага сонца — сімвала свабоды — бясконцым патокам ідуць партызаны.
Народныя мсціўцы арганічна ўпісаны ў суровы пейзаж. Заснежанае поле, цёмная палоска лесу ўдалечыні, абвугленыя коміны і дрэвы — усё ўзмацняе вобразны лад палатна, надае яму напружанасць, эмацыянальную выразнасць. Кожная дэталь пейзажу падкрэслівае дзеянне, дапамагае высветліць унутраны стан герояў: на калодзежным жураўлі звісае пустое вядро – людзі тут не жывуць, перакошаны ад агню дзіцячы веласіпед — нікому гітлераўцы не давалі літасці... Усе мастацкія сродкі ў карціне падпарадкаваны зместу. Напрыклад, чорныя сілуэты дрэў падкрэсліваюць трагічнасць абстаноўкі.
Трэба адзначыць, што ў гэтыя гады беларускае выяўленчае мастацтва, у тым ліку і жывапіс, дасягнула высокага ўзроўню, асабліва ў вырашэнні гераічнай тэмы. Яна знайшла працяг у карцінах Івана Нічыпаравіча «Берлін. Май 1945 года» (1966—1967), «Шчаслівая сустрэча» (1969—1970), «Суровае юнацтва» (1971).
У першай карціне мы бачым салдат пасля цяжкіх баёў, калі можна зняць каску, пакурыць, паразважаць аб пройдзеных франтавых дарогах, перанесціся думкамі ў родны дом. Мастаком перададзена надзвычай урачыстая цішыня. І ўрачыста развяваецца над байцамі сцяг Перамогі.
Гэты твор працягвае тэму штурму савецкімі воінамі логава фашызму. Калі ў карціне «Неўміручасць» на першым плане праяўленне подзвігу непасрэдна ў баі, то ў палатне «Берлін. Май 1945 года» адчуваецца ўсведамленне байцамі велічы свайго подзвігу.
У творы «Шчаслівая сустрэча» паказана такая сцэна: партызаны і воіны Чырвонай Арміі радасна вітаюцца. Нарэшце прыйшло вызваленне на беларускую зямлю! І. Н. Стасевіч уводзіць многія персанажы, чым падкрэслівае размах барацьбы супраць ворага як на франтах, так і ў яго тыле. Нягледзячы на тое, што ў карціне выяўлены радасныя пачуцці герояў, у ёй нельга не заўважыць статычнасці персанажаў. Творам не зусім задаволены і сам мастак. Да гэтай тэмы ён звернецца пасля.
Герой палатна «Суровае юнацтва» - малады воін з баявымі ўзнагародамі на грудзях, вінтоўкай за плячамі, каскай у руках. Ён стаіць на даху рэйхстага, азораны залацістым святлом, і ўглядаецца ў далячынь. А пад ім у дыме і пажарышчах пераможаны Берлін. Усю ўвагу мастак сканцэнтроўвае на воіне-пераможцы, паказвае яго ва ўвесь рост, выдзяляючы з кампазіцыйных планаў мажорнай колернай гамай.
У канцы 60-х гадоў Іван Стасевіч піша шмат пейзажаў. Гэта — «Гурзуф» (1967), «Рамонкі» (1968), «Браслаўскія азёры» (1970), «Кіжы», «Востраў Валаам», «Ісакіеўскі сабор», «Петрапаўлаўская крэпасць», «Сафія ноўгарадская», «Тут выхоўваўся Пушкін» (1973) і іншыя.
З назваў работ відаць, што мастака цікавіць лірычны і гарадскі пейзаж. Ён тонка перадае характэрныя рысы прыроды Крыма, Поўначы. У гарадскіх матывах жывапісец робіць акцэнт на помніках гісторыі. І ўсё ж І. Н. Стасевіч аддае перавагу беларускай прыродзе.
– Ёсць шмат уражлівых мясцін. Але для мяне сінявокая Беларусь — самы запаветны край, – гаворыць мастак. — Глянеш, напрыклад, на беластволыя бярозы, што цягнуцца да паднябесся, і адчуванне такое: яны — нібы струны, якія нараджаюць незабыўную звонкую мелодыю. Ёсць у мяне невялікае лірычнае палатно «Бярозкі». Але я лічу яго значным у творчасці, бо ў ім чуецца голас роднай зямлі, без чаго наша мастакоўская палітра бедная.
І сапраўды, пейзажам Стасевіча 60-70-х гадоў уласцівы роздум аб Радзіме, прыгажосці яе прастораў, сакавіты жывапіс. Характэрнае ў гэтым сэнсе палатно «Браслаўскія азёры». Спакойная роўнядзь вады, цішыня мірнага дня — усё выказана тут з любоўю да родных мясцін.
Творчая сталасць мастака відавочная не толькі ў карцінах і пейзажах, але і ў партрэтах. Яго героі — людзі цікавага лёсу, непарыўна звязаныя з эпохай. Партрэтам І. Н. Стасевіча ўласціва глыбокая распрацоўка характараў, а многім — дакументальнасць.
На рэспубліканскай мастацкай выстаўцы «Беларусь сацыялістычная» (1974) упершыню экспанаваліся творы Івана Стасевіча «Ветэран вайны В. Дончык» і «Герой Сацыялістычнай Працы І. Сакольчык».
Валянцін Дончык - чалавек нялёгкага жыццёвага лёсу. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён таксама быў сынам палка. Праз нешматслоўныя дэталі - франтавыя фатаграфіі, кніжку «Юнацтва баявое», праз унутраную сабранасць героя раскрыты яго характар і біяграфія. Эмацыянальнае ўспрыняцце партрэта ў многім залежыць ад колернай гамы. У аснове яе — спалучэнне чырвоных і залацістых фарбаў.
Калі партрэт В. Дончыка камерны, то партрэт І. Сакольчыка манументальны паводле характару. Чалавек працы паказан буйным планам сярод родных прастораў. Ва ўсім яго абліччы і поглядзе — высокая годнасць працаўніка, яго паўсядзённы жыццёвы клопат.
Рысы псіхалагізму і манументалізму асабліва выяўляюцца ў партрэце-карціне «Ігар Лучанок» (1975). Трактоўка вобраза кампазітара цесна звязана са зместам ягонай песні «Спадчына» на словы Янкі Купалы, з роднай зямлёй.
...Вечар. Узаранае поле. Спакойная роўнядзь возера. У вышыні пралятаюць ластаўкі. На фоне пейзажу, які з'яўляецца актыўным кампанентам твора, па неабсяжных прасторах крочыць Ігар Лучанок. Кампазітар паглыбіўся ў роздум, ва ўспаміны. І ў душы яго нараджаецца новая песня аб Беларусі.
Кампазіцыйнае рашэнне партрэта: панарама месца дзеяння, буйнамаштабная фігура героя ў дынамічным руху, напружаная колерная гама, у якой адзін з галоўных акцэнтаў робіцца на залацістае неба, — усё выяўляе творчы парыў кампазітара, яго ўнутраную сутнасць і еднасць з зямлёй, сынам якой ён з'яўляецца.
У 1975 годзе жывапісец стварае партрэт былога партызана, камандзіра карабля Аэрафлоту Германа Лі. Герой паказан за штурвалам самалёта. Рысы яго твару гавораць пра моцны характар. Блакітнае неба на палатне — сімвал мірнай працы паветранай трасы, заваяванай у змаганні з ворагам.
Партрэт мае сваю перадгісторыю. Пры рэспубліканскай газеце «Зорька» існуе «батальён беларускіх арлянят», сярод якіх былыя юныя ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Іван Стасевіч і Герман Лі. Іх блізкае знаёмства дазволіла мастаку напісаць праўдзівы партрэт чалавека багатай біяграфіі.
30-годдзю Вялікай Перамогі над фашысцкай Германіяй І. Стасевіч прысвяціў карціну «Плачуць бярозы». У вырашэнні тэмы мастак застаўся верным сабе: ён арганічна звязаў вобразы партызан з роднай прыродай, у трагічнай сцэне перадаў перакананасць савецкіх людзей у канчатковай перамозе над гітлераўскімі захопнікамі.
...Наступіла вясна, расцвілі пралескі. Таварышы аддаюць апошнюю павагу баявому сябру. Над труной схілены пунсовы сцяг. Ціха ў лесе. Маркотна стаяць бярозы, быццам смуткуюць разам з людзьмі. Смуткуе зямля беларуская, але яе народ змагаецца з акупантамі. У творы трагедыя неаддзельная ад героікі, высокіх грамадзянскіх пачуццяў нашых людзей. Экспрэсіўны залацісты каларыт як бы сімвалізуе светлую будучыню. Успрымаецца палатно цэльным, бо ўжо ў самой кампазіцыйнай пабудове галоўным з'яўляецца ўсё: і героі, і бярозы, і пунсовы сцяг.
У 1975 годзе Іван Нічыпаравіч пабываў у Францыі, Італіі, у тым ліку ў Венецыі. Яркая прырода гэтых краін, іх архітэктурныя помнікі не маглі не прывабіць мастака — ён напісаў шмат эцюдаў. Аднак яго заўсёды цягнула дадому. У паездцы не давалі спакою думкі аб карціне, над якой пачаў працаваць у Мінску. Гэта — «Сустрэча віцебскіх партызан з Чырвонай Арміяй» (1976). Тэма і ідэя яе выношваліся даўно, у нейкай меры яны знайшлі ўвасабленне яшчэ ў палатне «Шчаслівая сустрэча». Вялікую і радасную падзею хацелася адлюстраваць ва ўсёй велічы.
У новым творы перш за ўсё пашырыліся рамкі сюжэта. Сцэна вызвалення звязана з пакутамі Беларусі: журботна стаяць печы, абвугленыя дрэвы, плятні, журботная і зямля, палітая крывёю. Само дзеянне адбываецца на вялікім прасторы. Яго ўдзельнікі — дзесяткі персанажаў.
У час работы над палатном мастак неаднаразова пабываў на Віцебшчыне (карціна стваралася для музея М. П. Шмырова — легендарнага Бацькі Міная), пісаў эцюды. Таму ў ім і адчуваецца дыханне краю Браслаўскіх азёр. Але дзеянне ў карціне выходзіць далёка за межы Віцебшчыны. Мастак паказаў многія падзеі і аспекты вайны: акупацыю, барацьбу беларускіх партызан, імклівае наступленне Чырвонай Арміі. Дарэчы, ні ў адным з папярэдніх твораў жывапісца так маштабна не ставілася і не выяўлялася аўтарская задума. У творы — падзеі вялікага размаху: рухаюцца танкі, конніца, пяхота, усё наваколле абудзілася радаснымі галасамі, шчаслівымі ўсмешкамі.
І ўсё ж у гэтай шматпланавасці можна выдзеліць кампазіцыйны вузел: сустрэчу старога партызана і аўтаматчыка, камандзіра атрада народных мсціўцаў і маладога воіна. Яны і звязваюць групы персанажаў, адлюстроўваюць адзінства барацьбы на франтах і ў тыле ворага. Палатно «Сустрэча віцебскіх партызан з Чырвонай Арміяй» эмацыянальнае, напружанае паводле каларыту. Асноўную нагрузку нясуць два колеры - чорна-барвовы і залацісты. Першы — адлюстроўвае пакуты; другі — радасць і свабоду: промні сонца прабіваюцца праз хмары вайны, азараюць неба і зямлю.
Паралельна І. Стасевіч працягвае працу над партрэтам. Адзін з іх — партрэт прэзідэнта Акадэміі навук БССР М. А. Барысевіча (1977). У ім аўтар сцвярджае: кожная прафесія — гэта майстэрства, творчасць.
...Вечар мірнага дня. Сіняя смуга прабіваецца праз акно ў пакой, дзе адпачывае вучоны. На паліцы — кнігі. М. Барысевіч чытае адну з іх — аб мастацтве. Партрэт перадае складанасць пачуццяў героя, яго біяграфію. У кампазіцыю мастак уводзіць чырвоную кветку. Яна стаіць на падаконніку і рэзка кантрастуе з сінявой вечара. Аўтар падкрэсліў два моманты: М. Барысевіч — былы воін і М. Барысевіч — вучоны, неспакойнае жыццё якога напоўнена пошукамі і адкрыццямі, барацьбой за прагрэс навукі.
У другой палавіне 70-х гадоў партрэт, па сутнасці, становіцца цэнтральным у творчасці І. Стасевіча. Мастак імкнецца да глыбокага аналітычнага даследавання натуры, сваю ўвагу па-ранейшаму засяроджвае на чалавеку, цікавасць да якога не выпадковая. Творы гэтага жанру вызначаюцца пластычнасцю, псіхалагічнай ёмістасцю, жывапісным майстэрствам. Яны прыгожыя сваёй чалавечнасцю. Яны — гэта праўда, а іх каларыт – нібы акорд у музыцы.
На рэспубліканскай выстаўцы, прысвечанай 60-годдзю Савецкай Арміі, экспанаваўся партрэт віднага партызанскага камандзіра Героя Савецкага Саюза Васіля Захаравіча Каржа, які па закліку партыі пасля вайны ўздымаў сельскую гаспадарку і ўзначальваў калгас.
У трактоўцы І. Стасевіча генерал вайны В. З. Корж з'яўляецца генералам зямлі. Ён паказаны ў полі, дзе трактары праклалі першыя барозны. Багатая колерная гама — залацістыя, зялёныя, карычневыя і іншыя фарбы — пераканаўча выяўляе ўнутраную структуру вобраза героя і палатна ў цэлым. Яшчэ большую выразнасць надае твору партрэтны фон: у руху залацістае неба, дыхае чорна-карычневая ралля. Мастак дабіўся адзінства чалавека і навакольнага асяроддзя. І быццам чуеш голас гэтага чалавека да зямлі: «Мы з табой неаддзельныя, па-гаспадарску руплівыя! І наш клопат агульны. Гэта — хлеб!»
У творчасці мастака партрэт набывае грамадзянскае гучанне, вядучай тэндэнцыяй якога з'яўляецца ўслаўленне лепшых сыноў Айчыны. Па свайму мастацкаму вырашэнню партрэт збліжаецца з карцінай, якая адлюстроўвае жыццёвыя працэсы, творчы парыў чалавека. Ён — адзінства формы і зместу.
Геніяльны рускі мастак Ілья Яфімавіч Рэпін гаварыў: «Модныя эстэтыкі лічаць, што ў жывапісе галоўнае - фарба і што фарбы складаюць душу жывапісу. Гэта памылкова. Душа жывапісу - ідэя. Форма — яго цела. Фарбы — кроў. Малюнак – нервы. Гармонія-паэзія даюць жыццё мастацтву — яго бессмяротную душу» *. Іван Нічыпаравіч Стасевіч заўсёды быў верны гэтаму прынцыпу: і калі вучыўся ў інстытуце і атрымаў стыпендыю імя Рэпіна, і калі стаў сталым мастаком.
«Партрэт народнага мастака БССР, скульптара А. А. Бембеля» (1982) можна назваць карцінай «Гераічная сімфонія». Гэтае палатно напісана шырокімі тэмпераментнымі мазкамі, сакавітымі фарбамі, якія ў спалучэнні з дадатковымі колерамі надаюць твору і постаці скульптара пластычнасць, матэрыяльнасць, адухоўленасць. Яго вобраз прасякнуты ўнутранай дынамікай, якая выражана ўжо самой кампазіцыяй: постаць мастака дадзена па дыяганалі палатна. Яна напружаная, як і яго думкі. У кампазіцыйнай пабудове вялікае значэнне адыгрывае і такая дэталь: энергічны жэст рукі А. А. Бембеля нагадвае рашучы жэст рукі ў скульптуры Героя Савецкага Саюза Мікалая Гастэлы, створанай Андрэем Ануфрыевічам. Тым самым мастак падкрэслівае блізкасць гэтых людзей па сваіх ідэях. Ён выяўляе жыццядзейны характар А. А. Бембеля, у творчасці якога гераічная тэма знайшла плённае ўвасабленне.
Тэму грамадзянскага абавязку перад народам, Радзімай І. Н. Стасевіч распрацоўвае ў наступным партрэце-карціне пра народнага паэта Беларусі Янку Купалу (1981).
...Світае. Масква, раніца над Краснай плошчай - сэрцам Расіі, Савецкай краіны. Хутка праз цёмнае неба грознага часу вырвуцца промні сонца на зямлю, па якой у цяжкім 1941 годзе адпраўлялі савецкія людзі на фронт. Народны пясняр паказаны ў цэнтры кампазіцыі. І, мабыць, у гэты час у яго думках нараджаецца палымяны заклік да суайчыннікаў змагацца з гітлераўскімі захопнікамі: «Партызаны, партызаны, беларускія сыны...» Постаць паэта сілуэтам выдзяляецца на фоне чырвонай Крамлёўскай сцяны, а сам вобраз вызначаецца высакароднымі парывамі.
Іван Нічыпаравіч Стасевіч належыць да ліку тых мастакоў, чыя творчасць па заслугах ацэнена грамадскасцю. У 1980 годзе яму прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. Жывапісец назаўсёды застаўся верным сабе: імкненню адлюстроўваць гісторыю роднага народа. Разам з Л. Асядоўскім для Музея народнай славы вёскі Іканы ён стварыў вялікую карціну «Вызваленне Барысаўшчыны». У панарамнай кампазіцыі адлюстраваны мужная барацьба савецкага народа супраць гітлераўскіх захопнікаў, удзельнікі гераічнай эпапеі.
Яшчэ ў карціне «У беларускіх балотах» мастак звярнуўся да вобраза партызанкі. Лепшыя рысы беларускай жанчыны І. Н. Стасевіч адлюстраваў таксама ў палатне «Партрэт беларускай партызанкі А. Каліноўскай» (1982). У гэты ж перыяд мастак па-ранейшаму з замілаваннем адносіцца да роднай прыроды, стварае пейзажы «Край сінявокі», «Заслаўе. Вясна», «Раўбічы» (1981).
90-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка Максіма Багдановіча І. Н. Стасевіч прысвяціў карціну «Родныя бярозы». Уся яна саткана з мажорных фарбаў. Заходзіць сонца. Промні асвятляюць паэта. Гэта сімвалічна, бо паэзія яго заўсёды была светлая, узнёслая, аптымістычная.
У 1984 годзе мастак стварае вялікую батальную карціну «Аперацыя «Баграціён», прысвячае яе 40-годдзю вызвалення роднай рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэты маштабны твор заняў пачэснае месца ў экспазіцыі Светлагорскага музея гісторыі горада. Менавіта ў чэрвені 1944 года на гэтай зямлі пачалося рашучае наступленне Савецкай Арміі ў Беларускай наступальнай аперацыі на Бабруйскім напрамку.
Творчасць Івана Нічыпаравіча Стасевіча — глыбока народная. Яе вытокі ідуць ад роднай зямлі. Яго карціны, партрэты, пейзажы — ад чыстых жыватворных крыніц, на якія такая шчодрая наша Беларусь. Творы мастака дайшлі да сэрца кожнага савецкага гледача. Яны экспанаваліся таксама за мяжой.
Іван Нічыпаравіч Стасевіч — вопытны педагог, дацэнт Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Адначасова вядзе вялікую грамадскую работу ў Саюзе мастакоў БССР.
Час няўмольна бяжыць наперад. Адлюстроўваць новыя плыні жыцця — вось тая вялікая і адказная задача, якую ставіць перад сабой ва ўсёй сваёй творчасці І. Н. Стасевіч.
А.М.Шныпаркоў “Іван Стасевіч”. М.., “Беларусь”. 1985 г.
Аладава А. Беларускі савецкі жывапіс. Мн., 1978, с. 6. 7.
Белорусское искусство. Библиогр. справочник. Мн., вып. 1, 1965, с. 125-127.
Бойко В. Белорусская палитра. - Сов. культура, 1964, 7 мая.
Быбенко П. Рождение художника. - Сов. культура, 1958, 1 июля.
Ваницкий Л. Прикасаясь сердцем к подвигу. - Сов. культура, 1968, 24 авг.
Ветер Э. На полотнах - наши современники.— Сов. Белоруссия, 1967, 17 окт.
Вучэціч Я. Ідэйная перакананасць мастака. Звязда, 1968, 5 кастр.
Ганчароў М. Мастацтва мужнасці і гераізму. Мн., 1976, с. 13, 16, 29, 55.
Герасимович П. Образы, навеянные жизнью. — Дружба народов, 1968, № 5, c. 176.
Голованова Л. Палитра фронтовика. - В кн.: По сигналу тревоги. Мн., 1973, с. 5.
Голованова Л. Через фронтовые версты. — В кн.: Рядом с отцами. Мн., 1978, с. 139.
Дончик В. У самого синего моря. — Знамя юности, 1970, 19 нояб.
Дробов Л. Живопись Советской Белоруссии. Мн., 1979, с. 114, 257.
Дробаў Л. Яго героі — нашы сучаснікі. — Звязда, 1967, 31 жн.
Захарава С. Увасабленне подзвігу. - Чырв. змена, 1964, 12 сак.
Караваев В. Медаль за бой, медаль за труд. М., 1965, с. 5, 136.
Кожевникова К. Рубцы на березе. - Комсом. правда, 1972, 29 нояб.
Маслов Д. Летопись в красках.- Веч. Минск, 1968, 1 февр.
Маслаў Д. Сюжэты, падказаныя жыццём. - Мін. праўда, 1962, 6 крас.
Минкович М. Могучий родник. - Сов. культура, 1964, 4 июля.
Морозов В. Какие же вы теперь? — Веч. Минск, 1969, 3 июля.
Новинов И. Их называли орлятами. — Правда, 1972, 31 мая.
Орлова М. Художники Белоруссии. — Художник, 1968, № 6, с. 6.
Самойло К. Сюжет подсказан жизнью. Веч. Москва, 1958, 20 сент.
Тарасава Л. Іван Нічыпаравіч Стасевіч. Мн., 1975, с. 3-5.
Художники Советской Белоруссии. Справочник. Мн., 1976, с. 332.
Шныпаркоў А. Высокае грамадзянскае гучанне. — Літ. і мастацтва, 1976, 18 чэрв., с. 8.
Шныпаркоў А. З любоўю да роднай зямлі. Полымя, 1978, № 6, с. 201-208.
Шупо Я. Аўтографы перамогі. — Мін. праўда, 1970, 1 мая.