Іван Нічыпаравіч Стасевіч быў магутным чалавекам. Ледзь не два метры вышынёй, дужы. Быў прамым, адкрытым, шумлівым. Такім, хто казаў праўду ў вочы і калегам, і начальству. І заўсёды гатовым дапамагчы. І вельмі ранімым. Кажуць, што гэта ўласціва ўсім вялікім людзям. Яго магутная каларытная постаць, моцны голас, адкрыты твар заўсёды прываблівалі да сябе ў любым асяроддзі,- узгадвае вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Тамара Будкевіч, якая ведала Івана Нічыпаравіча амаль трыццаць гадоў. - Але самае галоўнае,- падкрэслівае Тамара Будкевіч,- яна на сваім жыццёвым шляху больш не сустракала такога шчырага стаўлення да справы, да ўсяго, што адбывалася ў краіне і грамадстве, такога смутку і маркоты, калі нешта прыніжала чалавечую годнасць.
Ён быў сапраўдным грамадзянінам сваёй Радзімы, з якой аднолькава атаясамліваў і сваю маленькую вёску Мядзведня, што непадалёк ад Старых Дарог, і сібірскія абшары, і прыгажосць Карэліі, і стэпы Крыма. Ні пры якіх абставінах ён не мог дазволіць сабе застацца абыякавым, таму што на гэта наўпрост не быў здатны. Да дзвярэй яго майстэрні былі прыбіты дзверы яго роднага дома, у якім ён рос у вёсцы Мядзведня, і, заходзячы ў майстэрню, Іван Нічыпаравіч кожны дзень браўся за тую самую клямку, да якой дакраналіся яго мама і тата, і тым нібы вітаўся са сваімі роднымі, са сваёй вялікай і малой радзімай. Акно з бацькоўскай хаты ён уставіў у сцену сваёй кватэры і праз яго глядзеў на сталіцу. У сваю майстэрню ён прывёз і драўляную лапату, якой маці саджала ў печ цеста і даставала з печы гатовы хлеб, і прыстасаваў лапату да свайго рабочага стала. Стаяў тут і фікус з бацькоўскага дома. Цяпер яго даглядае Нінэль Іванаўна Шчасная, суседка, вядомая беларуская мастачка. Іван Нічыпаравіч сцвярджаў, што фікусу столькі гадоў, колькі і яму. Значыць, 77. Нінэль Іванаўна параўноўвае яго з быліннымі персанажамі. У славянскім эпасе, гаворыць яна, ёсць асілік-араты Мікула Селянінавіч. Стасевіча па-справядлівасці можна было называць Іванам Селянінавічам. За постаць, за характар, за фанатычную стараннасць, за глыбокую баразну, якую ён упарта і грунтоўна пракладаў усё сваё жыццё. Праўда, баразна гэта была не на хлебным полі, а на ніве мастацтва. І надта заўважная. Вось як дванаццаць год таму, у хадайніцтве пра асабістую пенсію Івану Нічыпаравічу, пісаў пра яго тагачасны рэктар Беларускай акадэміі мастацтваў народны мастак Беларусі В.П.Шаранговіч: «Музеі рэалістычнага мастацтва Англіі, ЗША, Японіі і іншых дзяржаў лічаць за гонар мець у сваіх калекцыях яго творы». Дададзім да сказанага, што карціны І.Н.Стасевіча экспануюцца ў галерэях Аўстрыі, Індыі, Германіі, Балгарыі, Польшчы, Італіі, Канады, Чэхіі, Бельгіі, Алжыра, Туніса... І, вядома ж, дзесяткі работ — у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, дзяржаўным музеі Вялікай Айчыннай вайны…
Іван Нічыпаравіч быў максімалістам. І ў мастацтве заявіў пра сябе адразу ж. Гэтай заяўкай стала яго дыпломная работа пры заканчэнні Сурыкаўскага інстытута ў Маскве - карціна «У беларускіх балотах». На ёй адлюстраваны беларускія партызаны, якія прарываюцца з акружэння. Сярод іх маладая жанчына, адно дзіця на руках, другое трымаецца за матчын падол. Правальваючыся ў ледзяную ваду, партызаны нясуць параненых таварышаў. На іх тварах няма адчаю і страха, яны ведаюць, што наперадзе будзе Перамога, - напіша пазней пра тую карціну мастацтвазнаўца Галія Фатыхава. Гэты сюжэт аўтару не трэба было прыдумваць. Ён бачыў яго ў жыцці і сам жыў у тым сюжэце. Цяпер карціна захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі. A тады яе апублікаваў часопіс «Огонек», яна стала вядомай усяму свету, - расказвае прафесар Акадэміі мастацтваў Анатоль Васільевіч Бараноўскі, - таму што па жанры гэта карціна - гісторыя, а па таленце - дасканаласць, шэдэўр.
Да гэтага поспеху Стасевіч настойліва ішоў усе гады вучобы. Не прывабіўся маскоўскімі спакусамі і круглыя суткі праводзіў за мальбертам у Траццякоўскай галерэі, Пушкінскім музеі, капіраваў палотны Сурыкава, Урубеля, Сярова, Ван Гога, Сезана, Рэмбрандта, атточваў уласную тэхніку мазка, дабіваўся колеравай выразнасці і дасканаласці форм. Ці не таму амаль адразу пасля заканчэння Сурыкаўскага інстытута ён сам стаў выкладаць у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце - цяперашняй Акадэміі мастацтваў. Тут Іван Нічыпаравіч выкладаў сорак гадоў. Цяпер болей ста мастакоў называюць сябе яго вучнямі. Гэта такія вядомыя майстры, як Л.Д.Шчамялёў, Б.У.Аракчэеў, В.С.Пратасеня, В.Ф.Сумараў, В.Ф.Шматаў, В.В.Альшэўскі, В.Л.Зінкевіч. Як свайго настаўніка шануе Івана Нічыпаравіча і прафесар Бараноўскі, які маладзейшы за Стасевіча ўсяго на дзевяць гадоў, пры гэтым называе яго самым дарагім, блізкім, родным чалавекам. Пазней настаўнік і вучань сталі сябрамі. - Мы ўсе - дзеці вайны, - тлумачыць Анатоль Васільевіч. - У Мінску я з мамай пражыў усе тры гады акупацыі. Але Іван Нічыпаравіч, нягледзячы на юны ўзрост, ваяваў, дайшоў да Берліна і нават пакінуў свой аўтограф на пераможаным рэйхстагу.
Мастаком Іван Нічыпаравіч хацеў стаць з дзяцінства. Але калі яму ішоў трынаццаты год, пачалася вайна. І ўжо тады, летам сорак першага, употай ад усіх ён хаваў параненага чырвонаармейца. Не сказаў пра гэта нават маці. А калі тая усё ж дазналася і дакарала сына за такую таямнічасць, патлумачыў свой учынак вельмі проста: так прасіў паранены. На свой страх і рызыку збіраў зброю, пазней наладзіў сувязь з партызанамі і выконваў іх даручэнні. Ён быў максімалістам ва ўсім. А летам сорак трэццяга Іван Стасевіч сам стаў байцом партызанскага атрада імя Кірава і ў першым баі здабыў аўтамат. Хадзіў у разведку, удзельнічаў у дыверсіях. У сваёй сумцы, або «сідары», як тады называлі рэчавы мяшок, ён насіў алоўкі, фарбы, пэндзалі. І ў вольны час самазабыўна маляваў усё, што сустракаў. За гэтым заняткам яго аднойчы ўбачыў камандзір і да вялікай незадаволенасці юнага байца даручыў яму новы занятак: выпускаць насценную газету, перапісваць і ілюстраваць звесткі Саўінформбюро.
Калі Чырвоная Армія выгнала фашыстаў з беларускай зямлі, Іван вярнуўся ў сваю вёску. Але дома яго сустрэлі голыя сцены: бацькоў за сувязь з партызанамі гітлераўцы ўгналі ў канцлагер. І тады Іван стаў прасіць чырвонаармейцаў узяць яго з сабой, аднак адказ быў адзін: ты, браце, дужа юны. Але аднойчы праходзіла праз вёску саперная часць, якая ўстанаўлівала дарожныя паказальнікі для часцей, што рухаліся на захад. Іван прапанаваў байцам сваю дапамогу. Ды так дапамог, што байцы адразу рашылі: гэты хлопец, які так умела карыстаецца пэндзалямі і фарбамі, ды яшчэ з партызанскім медалём, ім патрэбны. Так у Чырвонай Арміі з’явіўся яшчэ адзін сын палка. У шаснаццаць гадоў ён добра валодаў аўтаматам і кулямётам, афармляў газеты, пісаў транспаранты, плакаты, паказальнікі: «Да Берліна засталося 200, 150, 100 кіламетраў». На апошнім, ужо ў Берліне, напісаў: «Да рэйхстага 200 метраў». На сценах рэйхстага, стаўшы на плечы дарослых салдат, ён потым і напіша: «Іван Стасевіч - Старыя Дарогі». А яшчэ Берлін запомніцца яму белым колерам. Ад белых сцягоў і палотнішчаў, вывешаных з вокнаў і з балконаў, і беласці параненых, але квітнеючых пладовых дрэў. Быў месяц май. На вагоне, у якім Іван вяртаўся дадому, таксама быў замацаваны напісаны ім транспарант: «Мы з Берліна». А на грудзях у сына палка пазваньвалі медалі «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй». Потым да іх дабавіцца ордэн Айчыннай вайны другой ступені.
А калі пачалася вайна з Японіяй, зноў рашыў запісацца ў армію. Але атрымаў адказ: «Байцоў у нас дастаткова, а табе трэба вучыцца». І ён пайшоў у семігодку. Потым было Мінскае мастацкае вучылішча, адкуль яго за прыроджданы талент і выдатныя поспехі ў вучобе накіравалі ў Маскоўскі мастацкі інстытут імя В.І. Сурыкава.
ВАЙНА назаўсёды войдзе ў творчасць Івана Нічыпаравіча. Ёй ён прысвяціць карціны «Бессмяротнасць», «Клятва», «Плачуць бярозы», «Сустрэча віцебскіх партызан з Чырвонай Арміяй», «Берлін. Май 1945 года». Адной з самых лепшых работ на гэту тэму стане карціна «Суровае юнацтва», на якой ён адлюстраваў маладога салдата, што стаіць пад купалам рэйхстага. Яго вінтоўка ўжо за спінай, яго каска ўжо ў руцэ, а ўсім сваім выглядам салдат гаворыць самае галоўная: «Мы ўсё ж дайшлі».
І нават у пераломныя дзевяностыя гады, калі многія мянялі свае погляды і меркаванні, паспешліва пазбаўляліся партбілетаў, ён прапануе на суд публікі сваю новую, як заўсёды цудоўную карціну «Азораныя полымям», якой скажа ўсім: «Не адракуся!». Дайшоўшы да Берліна, страціўшы многіх сяброў і родных, он казаў гучна і зразумела: «У мяне стаўленне да вайны адно, і іншага не будзе».
Словы «франтавік», «партызан» у яго спалучаліся са словам «наш». Вельмі хваляваўся, калі запрасіў для пазіравання тагачаснага прэзідэнта Акадэміі навук Н.А.Барысевіча. Бо гэта буйны вучоны, вядомы і паважаны чалавек, лаурэат Ленінскай прэміі. І супакоіўся, калі даведаўся, што той таксама партызаніў. Значыць, свой. Той у сваю чаргу думаў, што будзе напісаны партрэт у класічным разуменні гэтага слова, а Іван Нічыпаравіч намаляваў яго паглыбленным у альбом пра Мікеланджэла Буанароцці і думаючага над яго карцінай «Страшэнны суд». Ён вельмі хваравіта ставіўся да ўсяго, што можа прывесці да новай вайны, у прыватнасці, да выпрабаванняў ядзернай зброі. Што робяць гэтыя фізікі, - часам усклікваў мастак, - яны ж могуць разбурыць свет. Прэзідэнт Акадэміі навук быў фізікам. Таму Іван Нічыпаравіч выбраў менавіта такое рашэнне пры стварэнні партрэта вучонага. Карціну пасля набыў Нацыянальны мастацкі музей. А Мікалай Аляксандравіч Барысевіч усё зразумеў правільна. Ён і сам чалавек-глыба.
Але Іван Нічыпаравіч, вядома ж, прысвячаў свае работы не толькі вайне і яе ўдзельнікам. З той жа стараннасцю ён пісаў мірнае жыццё і новае будаўніцтва. Ён стварае карціны, прысвечаныя узвядзенню Полацкай ЦЭЦ, Брацкай, Іркуцкай ГЭС, піша лесарубаў, водзіцеляў, даярак, лётчыкаў, акадэмікаў. Яго вялікая ўдача - карціна «Шахцёры Салігорска». Вельмі любіў пісаць простых людзей. Цяпер некаторыя з яхідствам гавораць: каго, маўляў, трэба і можна было ўвасабляць мастакам , — вядома ж, салдат, рабочых. Але пры гэтым яны забываюць, што ў мастацтве, тым больш у жывапісу, важна не што, а як напісана. Івана Нічыпаравіча заўсёды вылучаў почарк буйнага мастака. Ні пры якіх умовах ён не здраджваў канонам высокага мастацтва. І ні перад чым, ні перад кім не спыняўся, калі гэтыя каноны трэба было адстойваць. У такіх выпадках ён сам называў сябе «салдатам» і «цяжкай артылерыяй».
З далёкіх вандраванняў прывозіў цудоўныя сібірскія, крымскія, мурманскія пейзажы. Здаралася, што з адпачынка ён прывозіў да васьмідзесяці карцін. «Мае сінія далячыні», — гаварыў ён пра такія работы. А часам разам з мальбертам і іншымі прыладамі яго прывязвалі да мачты рыбалоўнага сейнера, каб не змыла хвалямі за борт. Многія з гэтых палотнаў засталіся ў музеях Краснаярска, Іркуцка, Навасібірска, Мурманска. Іх там адразу ж высока ацанілі. І не толькі аматары мастацтва. Як сумна ўзгадвае Т.А. Будкевіч, калі ў музеі Мурманска здарыўся крадзёж, то з трох карцін, выкрадзеных злачынцамі, дзве належылі пэндзалю Івана Нічыпаравіча.
Стварэнне вобразаў роднай прыроды стала трэцім накірункам у творчасці мастака. Яго магутны пэндзаль захаваў многія куточкі Міншчыны, Полаччыны, Браслаўшчыны, Мазыршчыны, Віцебшчыны. «Жыта», «Стагі», «Бярозы», «Рамонкі», «Родныя кветкі», «Раніца», «Рака», «Ля Прыпяці». На карцінах Івана Стасевіча прырода заўсёды жывая і родная. Ён быў вельмі здольным каларыстам, - адзначае Анатоль Васільевіч Бараноўскі, - што не часта сустракаецца нават сярод мастакоў. Да работы ў Івана Нічыпаравіча былі релігійные адносіны. І да вялікага палатна, і да звычайнага эцюда ён рыхтаваўся з глыбокай пашанай. Не прызнаваў мітуслівасці. Старанна раскладваў фарбы, размінаў пэндзалі. Калі нехта падыходзіў у гэты час з пытаннямі ці размовамі, што нярэдка здаралася з яго ж студэнтамі, у яго настолькі псаваўся настрой, што мог і не прыступіць да выканання задуманнага. Не любіў людзей мітуслівых і гаваркіх, лічыў гэтыя якасці прыкметай пустаты, затое прывячаў вясёлую, шчырую кампанію. З музычных твораў высока цаніў «Элегію» Маснэ і пры настроі цудоўна выконваў яе сваім магутным голасам. Сваю мову перасыпаў прыказкамі і прымаўкамі. «Калі родзіцца цялятка з лысінкай, дык з лысінкай і памрэць». Гэта пра талент, якім толькі Бог адорвае людзей.
Калі ў нешта верыў, то верыў по-сапраўднаму. Яго сябры расказваюць, што аднойчы ў час паездкі ў Італію ён быў вельмі здзіўлены тым, што некаторыя яго калегі збіраюцца прабегчы па крамах, у той час калі ёсць магчымасць наведаць месцы, звязанныя з жыццём Францыска Скарыны. І шчыра выказаў свае неразуменне. І ніхто яму не пярэчыў, усе ведалі: Іван Нічыпаравіч не прыкідваецца. Паходы “за джынсамі” былі адкладзены. Ён шмат чытаў і хваляваўся за прачытанае. У яго майстэрні была багатая бібліятэка. Кнігі, асабліва кнігі па мастацтву, прывозіў адусюль, купляў іх за любыя грошы. Калі надыйшлі цяжкія часы, быў вымушаны адносіць кнігі ў букіністычныя магазіны.
Ён быў мастаком-манументалістам, а для гэтага патрэбны вялікія палотны, вялікія рамы, вялікія пэндзалі, вялікія станкі, падстаўки. Усё гэта ён рабіў сам. І любіў рабіць сам. Яму падабалася працаваць з дрэвам. Відаць, гэта ішло ад бацькі сталяра. Грукат яго малатка і звон яго пілы чутны быў не толькі ў сценах яго майстэрні, што, здаралася, выклікала незадаволенасць калег-суседзяў. Апошнім часам у яго балелі рукі. Яму рабілі спецыяльныя ўколы, каб аднавіць рухомасць рук. Іван Нічыпаравіч хваляваўся за свае рукі. Ён нікому аб гэтым не казаў. Не любіў скардзіцца. Нікога не баяўся і не жадаў, каб яму нешта навязвалі. Цудоўна размаўляў на беларускай і на рускай мовах, але аддаваў перавагу беларускай. Аднак калі яе ў пачатку дзевяностых тагачасныя ўлады пачалі навязваць, дэманстратыўна перайшоў на рускую мову. І адпускаў шпількі на адрас тых, хто некалі “прарабатваў” яго за беларускасць, за недахоп інтернацыяналізма. Ці не таму ў энцыклапедыях таго часу яму, здаралася, не знаходзілася месца.
Іван Нічыпаравіч заўсёды адгукаўся на просьбу пра дапамогу, асабліва калі просьба гэтая зыходзіла ад тых, каго ён любіў і паважаў. У такіх выпадках нярэдка ішоў напралом, таму што быў вялікім змагаром за справядлівасць. Але за сябе ваяваць не ўмеў. Бо папрасіць для сябе асабіста – страшэнныя пакуты. Удзельнічаў ва мностве выстаў, але пры жыцці так і не ўбачыў ніводнай сваёй персанальнай выставы і ніводнага вялікага альбома, хаця і марыў пра гэта.
Першая персанальная выстава яго работ была запланавана так, каб яе адкрыццё супала з сямідзесяцігоддзем мастака. Іван Нічыпаравіч не дажыў да яе некалькі месяцаў. Яго вельмі ўзрадвала прапанова землякоў - кіраўніцтва Старадарожскага раёна - стварыць у райцэнтры галерэю яго карцін. Яе таксама ўбачыць не змог. Нават і вельмі хворы ён зусім не збіраўся паміраць. Тэлефанаваў з бальніцы сябрам і запэўніваў: «Мне яшчэ нешта адрэжуць, і ўсё будзе ў парадку».
З жыцця Іван Нічыпаравіч зыходзіў вельмі цяжка. Перад смерцю папрасіў прыўзняць яго на падушках: «Я хачу бачыць святло!» У Старадарожскім раёне шмат зроблена для ўвекавечання памяці славутага земляка. У раённым музеі адкрыта экспазіцыя работ Івана Нічыпаравіча. Зацверджаны стыпендыі імя І.Н.Стасевіча для лепшых навучэнцаў мастацкіх вучэбных устаноў. Яго імя носіць цэнтр дзіцячай творчасці ў Старых Дарогах. Скульптар Хізры Асадулаеў стварыў бюст слаўнага старадарожца, які ўжо адліты ў бронзе. Бюст яшчэ знаходзіцца ў ліцейным цэху, але хіба можна сумнявацца ў тым, што землякі жывапісца ўстановяць яго на адной з галоўных вуліц свайго райцэнтра. Можа, і самую вуліцу назавуць яго імем, бо далёка не кожны горад, не кожны раён можа ганарыцца тым, што нарадзіў сына, які ўнёс такі важкі ўклад ў скарбонку беларускага мастацтва.
«Якое месца сярод беларускіх мастакоў займае Іван Нічыпаравіч Стасевіч?» - спытала я на развітанне ў прафесара Бараноўскага. Адказ быў кароткім і вычарпальным: «У першым радзе».
Вольга АЛЯКСЕЙЧЫК
Газета “Мінская праўда”. 27 мая 2006 г.