Пoўныя экспрэсіі, грамадзянскага пафасу, магутнага патрыятычнага ўздыму, лірычнай цеплыні і душэўнасці, творы вядомага мастака Беларусі І. Н. Стасевіча даўно прыцягваюць увагу гледача. Гэты мастак не абмяжоўваецца ў сваёй творчасці якім-небудзь адзіным аспектам выражэння рэчаіснасці, тэматыка яго твораў рознабаковая. Але найбольш значнае месца ў яго творах адведзена бессмяротнаму подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэтай тэме, раскрываючай гераічную старонку барацьбы беларускіх партызан з фашысцкімі захопнікамі, прысвечана дыпломная карціна Стасевіча «У беларускіх балотах» (1958).
Ужо ў сваім першым самастойным творы маладому мастаку ўдалося пераканаўча выразіць ідэю адзінства, згуртаванасці і непераможнасці савецкіх людзей у цяжкі ваенны час. Асабліва ярка гэтая думка выяўляецца ў цэнтральным вобразе жанчыны-маці. Ад вачэй яе, ад усёй істоты вее душэўнай цеплынёй, непахіснай стойкасцю і пяшчотай. Гэтыя якасці сімвалізуюць увесь савецкі народ, які ў гады самага жахлівага ліхалецця не страціў чалавечай годнасці і прыгажосці.
У вобразах, створаных мастаком, шматбакова адлюстроўваецца вобраз савецкага салдата-пераможцы, выяўляюцца непаўторныя асаблівасці яго характару, духоўнага складу. Разам з тым мастак вельмі дакладна адзначае гуманізм воіна-вызваліцеля, яго цягу да мірнай працы, аптымізм. Можа таму і карціны яго так узрушваюць гледача. Сам аўтар прайшоў нялёгкія выпрабаванні ваенных дарог. Яшчэ падлеткам Іван Нічыпаравіч змагаецца ў партызанскай брыгадзе імя Фрунзе. Затым у радах байцоў дзеючай арміі ён дайшоў аж да самага Берліна. І, напэўна, таму ў палотнах І. Н. Стасевіча заўсёды заўважаем сур'ёзны і ўдумлівы падыход аўтара да складанай і важнай тэмы. Такія палотны, як «Шчаслівая сустрэча» (1966-1967), «Май 1945» (1966-1967), «Суровае юнацтва» (1970-1971), «Бессмяротнасць» (1965—1967), — гэта ўзрушанае і гарачае апавяданне пра падзеі суровых і векапомных гадоў Вялікай Айчыннай вайны. У цэнтры кампазіцыі апошняга твора змешчана постаць паміраючага сцяганосца. Усё навокал змяшалася ў адзіным парыве: б'юць гарматы, ідуць у атаку байцы, а яго слабеючая рука ўсё яшчэ сціскае дрэўка сцяга. І вось яму на падмогу з гэтага пекла вырастае другі баец, каб прыняць ад яго і несці далей палкавую святыню.
Мастак, які знаходзіў у сваёй палітры суровыя фарбы для адлюстравання падзей вайны, змог гэтак жа пераканаўча і праўдзіва паказаць хараство і паэзію мірнай пераўтваральнай працы. Працоўны гераізм нашага народа лейтматыў цэлай серыі палотнаў Стасевіча. Іван Нічыпаравіч часта наведвае вялікія новабудоўлі краіны. Яркія па жывапісу, узрушаныя палотны «Ангара. Ангара...» (1961), «На будаўніцтве Іркуцкай ГЭС» (1958) і інш. — вынік гэтых паездак. «Шахцёры Салігорска» (1963) — адно з палотнаў гэтай серыі. Сюжэт карціны даволі просты. Светлым зімовым ранкам ідуць на змену рабочыя, розныя па сваіх характарах, але аб'яднаныя адзінымі думкамі, адзінай мэтай. Гэтае адзінства выражана не толькі ў іх позірках, адзенні, але і ў непаўторным каларыце гэтага мастацкага твора, які дапамагае стварэнню пераканаўчага вобраза.
У жанры партрэта мастак дастойна прадаўжае лепшыя традыцыі класікаў. Іван Нічыпаравіч стварае цікавыя партрэтныя вобразы нашых сучаснікаў. Сярод іх - партрэт Героя Сацыялістычнай Працы І. М. Сакольчыка (1972), лесаруба Брацкай ГЭС (1959). Гледзячы на партрэт С. П. Прахарэвіча (1962), прыкмячаем, добразычлівы, дапытлівы позірк аднаго з прадстаўнікоў калектыву Салігорскага калійнага камбіната. Вобраз савецкага чалавека-стваральніка адлюстроўваецца моваю фарбаў проста, без ілжывай патэтыкі, з пераканаўчай верагоднасцю.
У лепшых пейзажных палотнах мастака прырода ўспрымаецца скрозь прызму жыцця народа, яго лёсу. Індустрыяльныя пейзажы Стасевіча вельмі непасрэдна і выразна даюць прадстаўленне аб кроках і рытмах нашага часу, выклікаюць адчуванне гонару за здзяйсненні людзей. Прыгажосць роднай прыроды з яе фарбамі і малюнкамі гарманічна спалучаецца тут з тварэннем чалавечых рук.
Мноства эцюдаў, зробленых І. Н. Стасевічам бадай ва ўсіх кутках нашай неабсяжнай Радзімы, аб'ядноўвае светлае светаадчуванне, радаснае прыняцце акружаючага жыцця, непаўторнасць колеравых матываў, іх пластычная закончанасць.
Творы І. Н. Стасевіча даўно ўжо заваявалі любоў і прызнанне гледача. Здольнаму жывапісцу апладзіравалі жыхары Мінска, Масквы і іншых гарадоў нашай краіны. Яго палотны паспяхова экспанаваліся і ў Польшчы, Балгарыі, Румыніі, Фінляндыі, Японіі, Англіі.
Увагу і цікавасць да сваёй асобы мастак прыцягвае не толькі сваімі творамі, але і актыўнай грамадскай і педагагічнай дзейнасцю. З 1969 года Іван Нічыпаравіч выкладае ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Ён неаднаразова выбіраецца ў члены праўлення СМ БССР.
Жыццё і творчасць І. Н. Стасевіча нельга акрэсліць, адзначыць такімі канкрэтнымі паняццямі, як мастак, педагог, грамадскі дзеяч. Гэта чалавек, які прысвяціў усё сваё жыццё мастацтву, які імкнецца данесці сваё непаўторнае, асаблівае ўспрыманне хараства і прыгажосці акружаючай рэчаіснасці да душы, розуму людзей.
А. П. Tарандо
Зборнік “Выяўленчае мастацтва Беларусі”. Мінск “Беларусь”, 1977 г.