CУША:- Я вам дакладна не скажу, але была выстава рэспубліканская ў Палацы мастацтваў, і там Савіцкі выставіў сваю “Партызанскую мадону”, а Стасевіч знайшоў рэпрадукцыю некага са старых майстроў і там нешта падобнае было. І гэта ён прычапіў да рамы. Праўда гэта - ці не праўда, я не магу сказаць, але быццам было. Пасля мы знайшлі гэту рэпрадукцыю, паглядзелі: ёсць маленькія намёкі, але ніякага плагіяту там не было.
К:- Проста нейкая падказка.
CУША:- Ну, канешне. Мусіць нешта там было - фігура трохі падобная, неба - высокі гарызонт. Нехта казаў: “У Савіцкага неба як у Эль Грэка. Такое ж неба”. Але гэта смешна. Я як першы раз убачыў - у мяне такой асацыяцыі не было. Які там Эль Грэка?! Проста суровы стыль тады быў. Пісалі нешта падобнае і іншыя мастакі.
Пра Івана Нечыпаравіча што я памятаю? Што ён нам прыносіў свае студэнцкія работы маленькія. Паказваў, як ён рукі ляпіў. Нават вобраз там быў: фігура. Хаця не, не фігура, мусіць толькі галава была. Тады ўжо паказваў, як мазочкамі, лепкай рабіць - гэта руская школа была. А вось калі пазней ён пачаў пісаць, я памятаю яго партрэт Бембеля, як лесіроўкі былі зроблены - па тых часах гэты вельмі сучасна было. І мне… не толькі мне, а многім асабіста гэта падабалася. Тады мы яшчэ вучыліся ў школе мастацкай, і мяне яшчэ малога гэта ўсё ўразіла, як ён пісаў... Стасевіч у сваёй рабоце адразу знаходзіў, адразу трапляў у цэль. Гэтым ён мяне вабіў да сябе. Я памятаю, як першы раз убачыў “Шахцёры Салігорска”. Таксама незвычайная кампазіцыя там. Вось такая выдатная лепка. Адчувалася, што добрая школа. А вось як педагог… Цяпер цяжка нешта сказаць пра гэта. Ён быў нямногаслоўны, так скажам. Але быў такі, што калі скажа, то вельмі трапна. Ён ставіў драпіроўкі блакітныя і казаў:”Вось ты паглядзі, разбярыся з блакітным”. А другому кажа:”А ты з вохрай разбярыся. Паглядзіце адзін у аднаго”. І там яшчэ нешта скажа. А потым прынясе свае студэнцкія работы і пакажа. Бо выяўленчае мастацтва лепш вачыма бачыць чым гаварыць пра яго. Мусіць, таму ён меньш гаварыў.
Я памятаю: ён жа быў сынам палка. Мы яго прасілі:”Раскажыце пра гэтую вайну”. А ён нам:”Што расказваць? Нялёгка было…” Многія ветэраны пра гэта не дужа любілі гаварыць. А Стасевіч узгадваў:”Давалі сто грам перад атакай. І я свае сто грам аддаваў свайму так званаму “баце”... Ён жа яшчэ малым быў, і за ім даглядалі. Вось старэйшым ён і аддаваў.
Памятаю яшчэ такі выпадак. Неяк мы яго запрасілі да сябе - ці то семестр закончыўся, ці яшчэ якая нагода. І вось мы яго як раз сустрэлі і кажам:”Давайце зойдзем да нас у пакой інтэрната”. Ён як зайшоў, доўга там сядзелі, і ён кажа:”Я ішоў да Рыгора Барадуліна, а вось да вас зайшоў і заседзіўся”. Мы “Дзякуй” кажам. Неяк так размаўлялі не пра мастацтва, а пра жыццё. Вось такі ён быў чалавек.
Стасевіч жа сам са Старых Дарог. І яго многія работы забралі туды.
К:- Стасевіч, можна сказаць, быў адным з вашых настаўнікаў. А вось урокі мастака Стасевіча - у чым яны былі?
CУША:- Вось ён да нас прыходзіў і ставіў пастаноўку. Памятаю зараз: такая ваенна тэма. Паставіў ружжо, паклаў гільзы, патроны. У яго была такая ідэя: каб мы больш тэматычныя работы выконвалі. Гэта быў жывапіс, і тэматычны, а не проста вольная пастаноўка. Паўтаруся, ён нам даваў менавіта школу: як гэта рабіць усё. Таму што самае складанае - гэта фігура чалавека, а ў фігуры - твар і рукі, і ногі. Вось гэта ён нам і паказваў, і гэтаму вучыў. А студэнту гэта вельмі важна. Я вучыўся ў васьмідзесятыя гады, і тады толькі нараджаўся авангард, так скажам. Але не прывячаўся тады. Я лічу: гэта лагічна, гэта правільна. Набярыцеся вопыту, навучыцеся маляваць, пісаць, а пасля рабіце тое, што лічыце вартым. Іван Нічыпаравіч гэта нам і даваў. Ён з кагорты тых педагогаў: Вашчанка, Бараноўскі, Стэльмашонак. Кожны сваё даваў. А самае важнае, што даваў Іван Нічыпаравіч, - гэта школу. Галоўнае - мазок, лепка, як усё кампанаваць, халоднае, цёплае, рэфлексы, полутаны - вось гэта даваў Іван Нічыпаравіч…
Нармалёвыя ў яго работы. І нямала іх. У яго тэхніка пісьма была непадобная да іншых. І хаця тады многія нашы настаўнікі ў Расіі вучыліся, але ён адрозніваўся ад іх, вылучаўся нечым. Сваёй такой тэхнікай, кампазіцый сваёй. У яго была свая праўда.