1929 - Нарадзіўся ў вёсцы Мядзведня Старадарожскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і сталяра.
У перыяд Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў партызанскім атрадзе імя Кірава, у партызанскай брыгадзе імя Фрунзе ў якасці байца; пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў уступіў дабраахвотнікам у Чырвоную Армію і ў складзе 1-га Беларускага фронта дайшоў да Берліна.
1943 - За ўдзел у баявых дзеяннях быў удастоены медаля “Партызану Вялікай Айчыннай вайны” ІІ ступені. Узнагароджаны таксама медалямі “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй”.
З 1945 па 1947 - Навучэнец няпоўнай сярэдняй школы вёскі Горкі Старадарожскага раёна Мінскай вобласці.
З 1947 па 1952 - Студэнт Мінскага мастацкага вучылішча імя Глебава.
1952 - Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча і ў ліку лепшых студэнтаў быў накіраваны ў Маскву для далейшага навучання. Паступіў у Мастацкі інстытут імя Сурыкава.
1958 - Скончыў Мастацкі інстытут імя Сурыкава. Атрымаў кваліфікацыю мастака-жывапісца. Дыпломная праца - карціна “У беларускіх балотах”. Яна потым экспанавалася на Усесаюзнай мастацкай выстаўцы “40 год ВЛКСМ” і атрымала дыплом. Стасевіч накіраваны на педагагічную працу ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (з 1991 года - Беларуская акадэмія мастацтваў).
Як мастак Іван Стасевіч працаваў у галіне сюжэтна-тэматычнай карціны, жанрах партрэта, пейзажа, нацюрморта. Сярод яго буйных твораў - “У беларускіх балотах” (1958), “Брэсцкая крэпасць” (1961), “Няскораныя” (1966), “Клятва” (1967), “Радасная сустрэча” і “Май. 1945 год” (1968), “Суровае юнацтва” (1971), “Плачуць бярозы” (1975), “Сустрэча віцебскіх партызан з Чырвонай Арміяй” (1976), “Бяссмерце” (1977), “Вызваленне Барысаўшчыны” (1980), “За Беларусь. Аперацыя Баграціён” (1984).
Шмат сваіх твораў Стасевіч прысвяціў рабочаму чалавеку. Гэта серыя малюнкаў і эцюдаў будаўнікоў Брацкай ГЭС і Васілевіцкай ДРЭС (1959-1960), карціны “Ангара, Ангара” (1960), “Шахцёры Салігорска” (1963), “Полацкі нафтазавод” (1975). Стасевіч - аўтар партрэтаў І.М.Сакольчыка (1972), В.Дончыка (1974), лётчыка Г.Лі (1975), Г.У.Юшкевіча і В.З.Каржа (1978), Я.Купалы (1980), А.Бембеля (1983), А.А.Каліноўскай (1985).
Стасевіч стварыў серыі краявідаў Мурманска (1955), Байкала (1956), Наўгародчыны (1971 - 1975), Ленінграда (1973), Браслаўшчыны (1975), Вьетнама (1985), шэраг нацюрмортаў.
З 1958 года на працягу амаль сарака гадоў Стасевіч працаваў педагогам. Вялікая колькасць яго выхаванцаў сталі вядомымі мастакамі.
З 1958 года Стасевіч І.Н. - удзельнік рэспубліканскіх, усесаюзных, міжнародных выстаў (Аўстрыя, Алжыр, Англія, Бельгія, Балгарыя, Венгрыя, Германія, Індыя, Італія, Канада, Польшча, Румынія, Туніс, Фінляндыя, Чэхаславакія, Японія).
1973 - Рашэннем Вышэйшай атэстацыйнай камісіі пры Савеце міністраў СССР Стасевіч Іван Нічыпаравіч зацверджаны ў званні дацэнта па кафедры Жывапісу.
1980 - Стасевічу Івану Нічыпаравічу прысвоена ганаровае званне Заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. Творы Стасевіча знаходзяцца ў пастаянных экспазіцыях музеяў у гарадах Віцебск, Гомель, Іркуцк, Кемерава, Масква, Мінск, Пінск, Санкт-Пецярбург, Светлагорск, Ульянаўск.
1987 - Рашэннем Вышэйшай атэстацыйнай камісіі пры Савеце міністраў СССР Стасевічу Івану Нічыпаравічу прысвоена званне прафесара па кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва.
1998 - 11 верасня Іван Нічыпаравіч Стасевіч памёр.