Як склаўся лёс падлетка, які распісаўся на рэйхстагу.
Дзеці вайны Вялікай Айчыннай. Іх засталося няшмат на гэтым свеце. Летась увосені споўнілася 10 гадоў, як спынілася сэрца аднаго з іх - Івана Стасевіча. У яго было шмат рэгалій, якіх дамогся напружанай вучобай і працай. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (выкладаў там 40 гадоў), аўтарытэтны жывапісец, член Саюза мастакоў. "Іван Стасевіч — са Старых Дарог". Так аднойчы напісаў ён, старадарожскі хлапец, на будынку рэйхстага… Родам ён з вёскі Мядзведня, што на Старадарожчыне. Менавіта Старадарожскаму раённаму гісторыка-этнаграфічнаму музею падараваў мастак 104 свае карціны і 293 эскізы. Частка іх з нагоды 10-годдзя з дня яго смерці экспанавалася ў Слуцкай галерэі мастацтваў. А наведвальнікі старадарожскага музея могуць пабачыць і ўзнагароды Івана Стасевіча — як ваенныя, так і працоўныя.
...Аднойчы на рэспубліканскай выставе І. Стасевіч спыніўся перад фотаздымкам вагона з салдатамі. Здзівіўся: сюжэт падаўся да болю знаёмым. Падобны плакат "Мы из Берлина" ён намаляваў, а яго самога паставілі глядзець на свет менавіта ля дзвярэй вагона, які вяртаўся ў вайсковым эшалоне з Берліна ў Маскву. Знаёмы людзям яго пакалення партрэт І. Сталіна, які ён у логаве фашыстаў намаляваў на дзвярах вагона. Вайсковае начальства тады ўважліва агледзела партрэт і дало "дабро": "Падобны". Паверх партрэта павесілі зялёны вянок… "Дык вось жа я, — схамянуўся Іван Нячыпаравіч. —Вось, хлапчук у пілотцы! Бывалыя, вусатыя франтавікі пасадзілі яго на ганаровае месца: "Ты малады, але залаценькі. Ад Беларусі прайшоў у Германію. Глядзі, вывучай прыроду. Спатрэбіцца ў жыцці!" Вось і рукі жанчын — як тады, у Брэсце, калі спыніліся на 20 хвілін, каб памяняць паравоз. Жанчыны з кветкамі праштурхваліся да салдат. Большасць кветак трапіла яму, 16-гадоваму салдату. Так якраз на фотаздымку.
І ўспомнілася Івану Стасевічу яго няпростае жыццё. Вось ён - хлапчук у сям'і вясковага сталяра на Старадарожчыне. Акрамя яго, старэйшая сястра і малодшыя сястра, і брат. Яму было 12, калі пачалася вайна. Употай даглядаў параненага нашага салдата, пакуль маці не прасачыла, куды прападае сын. Тады ўжо разам з маці лячылі і хавалі параненага Мікалая. Дапамагаў партызанам — збіраў зброю. Немцы пачалі назіраць за домам Стасевічаў. І вось ён 15 кастрычніка 1943 года стаў радавым партызанскага атрада імя Кірава брыгады № 95 імя Фрунзе. Хадзіў разам з дарослымі ў разведку, неяк прынёс з таварышамі кулямёт, які знялі са збітага самалёта.
Аднойчы камандзір заспеў яго за маляваннем партызан. Пачаў "разбірацца": навошта? Прызналі яго мастацкія здольнасці ды пакінулі незадаволенага хлапчука пры штабе маляваць. Маўляў, і гэта патрэбна. А цікавыя ўлётка ці малюнак як добры стрэл, бо б'юць без промаху. І стараўся: дарослыя партызаны спяць, а Іван піша ўлётку, якую возьмуць яны раніцай. Колькі радасці было, калі хлапчук цалаваў партызанскі сцяг, прымаючы прысягу! І гэта ў 14 гадоў.
Калі ж партызаны злучыліся з Чырвонай Арміяй, адпусцілі яго дамоў: "Ты сваю справу зрабіў. Вучыся! Пойдзеш у сувораўскае вучылішча. Наведайся толькі дадому!" А дома — нікога: маці, браціка і дзвюх сясцёр, бацьку забралі фашысты заложнікамі. Адпомсціць бы за іх! Але як, калі не бяруць у армію? І вось аднойчы падышоў да сапёраў, якія пісалі дарожныя паказальнікі. Прапанаваў сваю дапамогу. Не паверылі хлапчуку, але пэндзаль далі. І спадабалася салдатам, як ён малюе, папрасілі камандзіраў адгукнуцца на просьбу былога партызана. І стаў Іван сынам сапёрна-дарожнага палка 1-га Беларускага фронту. Так дайшоў ён ад Старых Дарог да Берліна. Падраздзяленне рамантавала, будавала масты, пераправы ля Варшавы, Берліна. Іван Стасевіч маляваў дарожныя паказальнікі кірункаў руху на Берлін. І плакаты, сярод якіх: "Дойдём до Берлина".
У польскім горадзе Седлец яго прымалі ў камсамол. У нямецкім Ландсбергу ўручалі Ганаровую грамату ЦК ВЛКСМ за ўзорнае выкананне вайсковага абавязку і ўмелую падрыхтоўку нагляднай агітацыі на франтавых дарогах. А таксама за чытанне верша М. Ісакоўскага "Русской женщине" ў напаўразбураным тэатры перад жанчынамі — былымі ахвярамі канцлагераў.
Распісацца на рэйхстагу Івану Стасевічу дапамаглі аднапалчане Мікалай Іваноў, Міхаіл Бародзін. Мажныя хлопцы паднялі Івана з фарбамі на плечы, і ён вывеў пэндзлем прозвішчы, дату - 8 мая 1945 года і распісаўся за траіх. Накіравалі І. Стасевіча з аднапалчанамі ў Маскву. Яго — - на вучобу ў вайсковую школу. Падаравалі акварэльныя і алейныя фарбы, пэндзлі, паперу. А яшчэ ў Берліне ён маляваў плакат "Мы — из Берлина" і партрэт Сталіна. Вайсковы цягнік ішоў 300 вёрст не спыняючыся. Памятае, як падбягалі полькі, кідалі вызваліцелям кветкі…
Калі ж набліжаліся родныя мясціны, Іван паслухаўся сваіх аднапалчан: маўляў, яму трэба не ў вайсковую школу, а вучыцца на мастака. І пайшоў у Варшаве да камандзіраў. Тыя падтрымалі хлопца, выпісалі дэмабілізацыйныя дакументы да Старых Дарог, нават прадставілі да ордэна Чырвонай Зоркі (які так і не атрымаў). Выдалі новую амуніцыю, дакументы да ўзнагарод медалямі. Мала таго: эшалон зрабіў незапланаваны крук і заехаў у Старыя Дарогі. Спыніўся тут а 4-й гадзіне раніцы на некалькі хвілін, каб Іван Стасевіч сышоў. На станцыі, вядома, ніхто яго не сустракаў. А ён пастаяў на рэйках, пакуль быў бачны дым паравоза…
Здарыўся кур'ёз. Атрымаў у райваенкамаце медалі "За перамогу над Германіяй", "За вызваленне Варшавы", "За ўзяцце Берліна". Райваенком пачапіў іх на грудзі маладога франтавіка, які выйшаў задаволены на вуліцу, а тут міліцыянер: "Ты дзе іх узяў?" І забраў хлопца ў міліцыю. Разабраўшыся, папрасілі прабачэння і ўжо з цікавасцю глядзелі на бывалага франтавіка.
А 1 верасня 1945 года ў 5 класе Горкаўскай школы з'явіўся пераростак-франтавік. Наганяў упушчанае: за два гады прайшоў курс сямігодкі. Хадзіў у школу штодня па 7 вёрст толькі ў адзін бок. Але быў прывычны: колькі прайшоў партызанскімі ды франтавымі дарогамі!
Пасля была вучоба ў Мінскім мастацкім вучылішчы, Маскоўскім мастацкім інстытуце імя В.Сурыкава. Пісаў карціны на партызанскую, франтавую, працоўную тэматыку. Уражанні партызанскай блакады перанёс пазней у дыпломную работу "У партызанскіх балотах". Гэтае палатно было адзначана дыпломам на Усесаюзнай мастацкай выставе "40 год ВЛКСМ".
У партрэтнай серыі работ мастака ўвасобленыя пераважна вясковыя працаўнікі, рабочыя, будаўнікі. Падчас студэнцкай практыкі пабываў у розных кутках СССР, напісаў вялікую колькасць эцюдаў, якія сталі потым асновай для маштабных карцін. Любіў маляваць лірычныя пейзажы, якія поўняцца цеплынёй, паветрам і святлом.
Я ўспамінаю сваю адзіную сустрэчу з І. Стасевічам. Тады я, рэдактар раённай газеты "Навіны Старадарожчыны", па просьбе з райвыканкама рыхтаваўся напісаць пра гэтага нашага шаноўнага земляка. Чалавек даволі заняты, Іван Нічыпаравіч прызначыў мне сустрэчу ў сталіцы, ля кнігарні па вуліцы Карла Маркса. З цікавасцю я глядзеў на высокага мужчыну з саліднай барадой. Ён уважліва слухаў мае пытанні, цікава адказваў, а яшчэ перадаў для Старадарожскага гісторыка-этнаграфічнага музея дзве кнігі пра дзяцей вайны, дзе былі артыкулы і пра яго. Просьбу І. Стасевіча я выканаў. Тады ж ён абяцаў перадаць Старадарожскаму музею свае работы. Як мне падалося, мой суразмоўца быў нечым усхваляваны. Я высветліў, што Іван Нічыпаравіч рыхтаваўся да сур'ёзнай планавай аперацыі і перажываў за яе зыход, Дарэчы, ён фатальна быў настроены на горшае - і неўзабаве пасля аперацыі яго не стала…
Шмат зрабіў ён і для Беларусі, і для Старадарожчыны як мастак і педагог. І мог яшчэ зрабіць! Як памяць пра Івана Стасевіча ў Старадарожскім раёне ёсць стыпендыя яго імя для лепшых навучэнцаў мастацкіх навучальных устаноў, яго імем ганараваны раённы цэнтр дзіцячай творчасці "Святліца".
Анатоль БАРЫС
г. Старыя Дарогі,
“ЛІМ”, №17 8 мая 2009 г.